Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЁС,

у міфалогіі, ірацыяналістычных філас. сістэмах, паўсядзённым усведамленні незразумелая, недаступная розуму, загадкавая прадвызначанасць падзей і ўчынкаў. У старажытнагрэч. міфалогіі ўвасаблялася ў вобразах Мойраў (трох багінь Л.). Стараж. рымляне называлі іх Паркамі і верылі ў няўхільную прадвызначанасць усяго, што адбываецца з чалавекам, у яго фатальнасць. У хрысціянстве і інш. рэлігіях Л. выступае ў выглядзе боскага прадвызначэння, вышэйшай істоты. Некаторыя рэліг. кірункі (каталіцызм, праваслаўе) імкнуцца паслабіць фатальнасць уяўленняў аб Л. пры дапамозе эклектычнага спалучэння ідэі боскага прадвызначэння і свабоды волі асобы. Вера ў Л. з’яўляецца перадумовай узнікнення існавання астралогіі. У канцы 19 ст. паняцце Л. мела пашырэнне ў філасофіі жыцця. У звычайным жыцці Л. азначае долю, жыццёвы шлях, збег абставін.

т. 9, с. 231

ЛЁС (ням. Löss),

аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш. Гл. таксама Лёсападобныя пароды.

Я.І.Аношка.

т. 9, с. 231

ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас. р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс. км2. Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.

т. 9, с. 231

ЛЁСАПАДО́БНЫЯ ПАРО́ДЫ,

асадкавыя горныя пароды палевага або жоўтага колеру, якія па марфалогіі і саставу нагадваюць лёс і адносяцца да пылаватых суглінкаў і супескаў. Ад лёсу адрозніваюцца неаднароднасцю будовы, наяўнасцю слаістасці і праслояў грубага пясчанага і галечнага матэрыялу, больш гліністым саставам, меншай порыстасцю і прасадачнасцю, уключэннем ракавін прэснаводных малюскаў і інш. Л.п. і лёсы аб’ядноўваюць пад назвай «лёсавыя пароды». Могуць быць рачнога, азёрнага, пралювіяльнага, дэлювіяльнага, элювіяльнага паходжання. Пераважаюць пылаватыя (0,05—0,005 мм) фракцыі (60—80%). Асн. пародаўтваральныя мінералы — кварц (70—85%), палявыя шпаты, карбанаты, слюды і інш. На Беларусі Л.п. займаюць 14% тэрыторыі. Вылучаны 7 раёнаў пашырэння Л.п.: Аршанска-Магілёўска-Гомельскі, Мінскі, Слуцкі, Навагрудска-Карэліцкі, Лёзненскі, Мазырска-Хойніцка-Брагінскі, Тураўскі. Магутнасць Л.п. 0,5—12 м. Пакатахвалістая паверхня часта ўкрыта суфазійнымі лейкападобнымі западзінамі. На Л.п. сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на якіх парушэнне правіл агратэхнікі вядзе да ўтварэння яроў. Некаторыя Л.п. прыдатныя для вырабу цэглы, аглапарыту і інш.

Я.І.Аношка.

т. 9, с. 231

ЛЁСІК (дзявочае Лявіцкая) Ванда Антонаўна

(25.9.1895, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1968),

бел. пісьменніца. Дачка Ядвігіна Ш., жонка Я.Лёсіка. Скончыла Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Радашковічах (1914). Працавала ў Мінску ў «Беларускай кнігарні», у гар. б-цы імя А.Пушкіна, час. «Лучынка» і «Саха», дзіцячым прытулку пры Бел. т-ве дапамогі пацярпелым ад вайны, Першай мінскай бел. школе. У 1933 пакінула Беларусь, выехала да рэпрэсіраванага мужа; жыла ў Ліпецку, у пас. Татарка Стаўрапольскага краю. З 1909 друкавалася ў газ. «Наша ніва», у 1920-я г. ў час. «Зоркі», «Іскры Ільіча». У апавяданнях («Бацькаўшчына», «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа...» і інш.) і вершах выказвала замілаванне роднай прыродай. Аўтар успамінаў пра бацьку. Пераклала на бел. мову паасобныя творы М.Канапніцкай, В.Чайчанкі і інш.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 232

ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),

бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад. АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ. «Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ. «Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел. нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-т Цэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз. чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНК БССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.

Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб. маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел. нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел. дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).

Тв.:

Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;

Творы: Апавяданні, казкі, арт. Мн., 1994;

Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.

Літ.:

Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;

Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;

Яго ж. «Жывіце без мяне...» // Полымя. 1992. № 1.

А.Ф.Мяснікоў.

Я.Ю.Лёсік.

т. 9, с. 232