ЛЁСІК (дзявочае Лявіцкая) Ванда Антонаўна
(25.9.1895, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1968),
бел. пісьменніца. Дачка Ядвігіна Ш., жонка Я.Лёсіка. Скончыла Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Радашковічах (1914). Працавала ў Мінску ў «Беларускай кнігарні», у гар. б-цы імя А.Пушкіна, час. «Лучынка» і «Саха», дзіцячым прытулку пры Бел. т-ве дапамогі пацярпелым ад вайны, Першай мінскай бел. школе. У 1933 пакінула Беларусь, выехала да рэпрэсіраванага мужа; жыла ў Ліпецку, у пас. Татарка Стаўрапольскага краю. З 1909 друкавалася ў газ. «Наша ніва», у 1920-я г. ў час. «Зоркі», «Іскры Ільіча». У апавяданнях («Бацькаўшчына», «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа...» і інш.) і вершах выказвала замілаванне роднай прыродай. Аўтар успамінаў пра бацьку. Пераклала на бел. мову паасобныя творы М.Канапніцкай, В.Чайчанкі і інш.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)