ЛЁС,
у міфалогіі, ірацыяналістычных філас. сістэмах, паўсядзённым усведамленні незразумелая, недаступная розуму, загадкавая прадвызначанасць падзей і ўчынкаў. У старажытнагрэч. міфалогіі ўвасаблялася ў вобразах Мойраў (трох багінь Л.). Стараж. рымляне называлі іх Паркамі і верылі ў няўхільную прадвызначанасць усяго, што адбываецца з чалавекам, у яго фатальнасць. У хрысціянстве і інш. рэлігіях Л. выступае ў выглядзе боскага прадвызначэння, вышэйшай істоты. Некаторыя рэліг. кірункі (каталіцызм, праваслаўе) імкнуцца паслабіць фатальнасць уяўленняў аб Л. пры дапамозе эклектычнага спалучэння ідэі боскага прадвызначэння і свабоды волі асобы. Вера ў Л. з’яўляецца перадумовай узнікнення існавання астралогіі. У канцы 19 ст. паняцце Л. мела пашырэнне ў філасофіі жыцця. У звычайным жыцці Л. азначае долю, жыццёвы шлях, збег абставін.
т. 9, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)