Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУ́НА ((Luna) Антоніо) (29.10.1866, Маніла — 5.6.1899),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 галоўнакамандуючы філіпінскай арміяй, з 1899 пам. ваен. міністра. Прыхільнік рашучай барацьбы за незалежнасць, арыштаваў міністраў філіпінскага ўрада, якія схіляліся да кампрамісу з ЗША. Забіты асабістай аховай прэзідэнта Э.Агінальда, які абвінаваціў Л. ў намеры «узурпіраваць уладу».

т. 9, с. 368

ЛУНАНАСЕ́ННІК (Menispermum),

род кветкавых раслін сям. лунанасеннікавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. даурскі, або даурскі плюшч (M. dahuricum), і Л. канадскі (M. canadense).

Шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з павойным сцяблом. Лісце яйцападобнае, лопасцевае або суцэльнае. Кветкі ў мяцёлках. Плод — касцянка. Дэкар. расліны.

т. 9, с. 368

«ЛУ́НАР О́РБІТЭР»

(Lunar Orbiter),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Месяца для пошуку раёнаў пасадкі месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон» і аўтам. міжпланетных станцый «Сервеер», навук. даследаванняў; праграма іх распрацоўкі і запускаў. Запушчана 5 «Л.о.» (1966—67). У выніку былі выбраны ўчасткі для пасадкі касм. караблёў, складзена падрабязная карта бачнага боку і некаторых раёнаў нябачнага боку Месяца.

т. 9, с. 368

ЛУНАЦІ́ЗМ,

парушэнне свядомасці і сну, тое, што самнамбулізм.

т. 9, с. 368

ЛУНАЧА́РСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.11. 1875, г. Палтава, Украіна — 26.12.1933),

савецкі дзярж. дзеяч, філосаф, пісьменнік і мастацтвазнавец. Акад. АН СССР (1930). Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1895—96). З 1892 у с.-д. руху, у 1910—17 чл. с.-д. груп «Наперад», «Пралет. л-ра» і «міжраёнцаў», супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах «Вперед», «Пролетарий» і інш. У 1917—29 нар. камісар асветы РСФСР; адзін з арганізатараў сав. сістэмы адукацыі. Садзейнічаў арг-цыі БДУ у Мінску (1921). Вял. ролю адыграў у развіцці кнігавыдання і бібліятэчнай справы, у арг-цыі перакладаў рус. кніг на замежныя мовы і ў выданні перакладаў на рус. мову. 3 вер. 1929 старшыня Вучонага к-та пры ЦВК СССР. Са жн. 1933 паўнамоцны прадстаўнік СССР у Іспаніі. Аўтар прац па эстэтыцы, філасофіі, міжнар. палітыцы, тэорыі і гісторыі л-ры, т-ра, выяўл. мастацтва, кіно, музыкі. Адзін з тэарэтыкаў сацыялістычнага рэалізму. Яго п’есы «Фауст і горад» (1918), «Олівер Кромвель» (1920), трылогія пра Т.Кампанелу (напісаны 2 ч.: «Народ», 1920; «Герцаг», 1922), «Падпальшчыкі» (1924, паст. т-рам імя Я.Купалы пад назвай «Чырвоная маска», 1925), «Аксаміт і лахманы» (1927) і інш. прасякнуты напружанай філас. думкай і ўзвышаным пафасам тыранаборства. Аўтар цыкла апавяданняў «Маленькія фантазіі», кінасцэнарыяў. Перакладаў на рус. мову ўрыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Ш.Пецёфі і інш. Высока цаніў творчасць Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Пушчы і асабліва Я.Купалы, якога называў «бацькам новай бел. паэзіі». Напярэдадні 25 годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы апублікаваў арт. «Народны паэт Беларусі» (1930), прысвяціў яму верш-экспромт.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1963—67;

Статьи о литсратуре Т. 1—2. М., 1988.

Літ.:

Исаев С.Г. Жизнь и деягельность Луначарского (1917—32). Т. 1—3, кн. 1—5. Душанбе, 1992.

А.В.Луначарскі.

т. 9, с. 368

ЛУНГЕРСГА́ЎЗЕН (Фрыдрых Вільгельмавіч) (12.5.1884, г.п. Бекава Пензенскай вобл., Расія — 11.5.1960),

бел. геолаг. Правадз. чл. Інбелкульта, праф. (1923), канд. геолага-мінералагічных н. (1937). Скончыў Маск. ун-т (1911). У 1923—34 заг. кафедры БСГА. З 1926 старшыня навук. т-ва па вывучэнні Беларусі (г. Горкі). Навук. працы па праблемах геалогіі Паволжа, Сярэдняй Расіі і Беларусі (асабліва бас. Зах. Дзвіны), методыцы выкладання геалогіі. Склаў дапаможнік па геалогіі Беларусі.

Тв.:

Нарыс геалагічнай пабудовы Аршаншчыны // Аршаншчына. Орша, 1926. Ч. 1;

Уступ у геалогію Беларусі // Працы Горы-Горацкага навуковага т-ва БАН. 1930. Т. 7.

т. 9, с. 368

ЛУ́НДА (Lunda),

плато ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. Дэмакр. Рэспублікі Конга і Анголы. Складзена з палеагенавых і неагенавых пясчанікаў і пяскоў, якія гарызантальна залягаюць на дакембрыйскім крышт. фундаменце. Цэнтр. ч. — плоская, месцамі забалочаная раўніна выш. 1300—1600 м, водападзел паміж рэкамі Касаі і Замбезі. Плато ступеньчата зніжаецца на Пн, да ўпадзіны Конга і паката — на Пд, да ўпадзіны Калахары. У басейне р. Касаі багатыя радовішчы алмазаў, марганцавай руды. Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны летам. Сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі, на паўн. схіле — высакатраўныя саванны. Па далінах рэк — галерэйныя лясы.

т. 9, с. 368

ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст. Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.

т. 9, с. 368

ЛУ́НДКВІСТ ((Lundkvist) Артур Нільс) (3.3.1906, Удэр’юнга, Швецыя — 1991),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1968). У ранніх зборніках паэзіі («Спёка», 1928; «Масты ночы», 1936), рамане «Рэкі цякуць да мора» (1934) моцныя ўплывы сюррэалізму ў спалучэнні з элементамі псіхааналізу і прымітывізму. Паэт. зб. «Жыццё як трава» (1954), зб. вершаў у прозе «Дрэва, якое гаворыць» (1960), раманы «Вальс у Віндынгу» (1956), «Камедыя ў Хегерскугу» (1959) вызначаюцца яснасцю формы і сац.-крытычнымі матывамі. У аповесці «Малінга» (1952), гіст. раманах «Жыццё і смерць вольнага стралка», «Воля неба» (абодва 1970) рэаліст. і мадэрнісцкія тэндэнцыі. Аўтар кн. «Макі з Ташкента» (1952), дарожных нататкаў («Вулканічны кантынент», 1957, і інш.), літ.знаўчых прац («Развагі пра замежную літаратуру», 1959, і інш.).

Тв.:

Рус. пер.: — Жизнь и смерть вольного стрелка. М., 1972;

Избранное. М., 1988.

Л.П.Баршчэўскі.

А.Лундквіст.

т. 9, с. 369

ЛУ́НДСТРЭ́М (Алег Леанідавіч) (н. 2.4. 1916, г. Чыта, Расія),

расійскі дырыжор, кампазітар. Засл. арт. Расіі (1973). Нар. арт. Расіі (1984). З 1921 у Харбіне. Скончыў Харбінскі муз. тэхнікум (1935), Вышэйшы тэхн. цэнтр у Шанхаі (1944), Казанскую кансерваторыю (1953). Арганізаваў у Харбіне джаз-аркестр (1934), разам з якім пераехаў у Шанхай (1936), потым у Казань (1947). З 1956 у Маскве, маст. кіраўнік і гал. дырыжор эстр. аркестра Расканцэрта (цяпер Канцэртны аркестр джазавай музыкі). Аўтар джазавых кампазіцый і аранжыровак, песень, музыкі да драм. спектакляў.

т. 9, с. 369