Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУР,

1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс. н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз. Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.

2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.

І.Дз.Назіна.

Лур старажытны.

т. 9, с. 372

ЛУР’Е́ (Саламон Якаўлевіч) (8.1.1891, г. Магілёў — 30.10.1964),

гісторык антычнасці, філолаг. Д-р гіст. (1934) і філал. (1943) навук. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). Праф. Петраградскага (1918), Самарскага (1919—20), Ленінградскага (у 1949 абвінавачаны ў «касмапалітызме» і звольнены), Львоўскага (1953—64, заг. кафедры класічнай філалогіі) ун-таў. Даследаваў стараж.-грэч. гісторыю, л-ру, эпіграфіку, фальклор, філасофію, гісторыю матэматыкі. Зрабіў каменціраваныя пераклады твораў Ксенафонта (1935), Плутарха (1940), Дэмакрыта (выдадзены пасмяротна вучнямі ў 1970) і інш. Аўтар гіст. кніг для дзяцей.

Тв.:

История античной общественной мысли. М., 1929;

Архимед. М.; Л., 1945;

Геродот. М.; Л., 1947;

Очерки по истории античной науки. М.; Л., 1947;

Язык и культура микенской Греции. М.; Л., 1957;

История Греции. Ч. 1—2. СПб., 1993.

Б.Б.Віц-Маргулес.

т. 9, с. 372

Лур’е Анатоль Ісакавіч

т. 18, кн. 1, с. 422

Лур’е Ісідар Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 422

ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),

расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад. АПН Расіі (1947) і АПН СССР (1968). Член Нац. АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1937).

У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: аб сац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.

Тв.:

Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Основы нейропсихологии. М., 1973;

Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;

Язык и сознание. М., 1979;

Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.

Літ.:

Хомская Е.Д. А.Р.Лурия: Науч. биогр. М., 1992.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 372

ЛУ́РЫЯ ((Luria) Сальвадор Эдуард) (13.8. 1912, г. Турын, Італія — 6.2.1991),

амерыканскі вірусолаг і генетык; адзін з заснавальнікаў генетыкі мікраарганізмаў. Чл. Нац. АН ЗША (1959). Скончыў Турынскі ун-т (1935). З 1950 праф.

Ілінойскага ун-та, з 1959 — Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1974 адначасова дырэктар Цэнтра ракавых даследаванняў. Навук. працы па даследаванні структуры і ўзнаўлення бактэрыяфагаў. Адкрыў механізм рэплікацыі вірусаў. Нобелеўская прэмія 1969 (разам з А.Д.Хершы і М.Дэльбрукам).

С.Лурыя.

т. 9, с. 373