Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУШЧЫ́ЛЬНІК,

прылада для лушчэння ржышча, перадпасяўной апрацоўкі глебы і закрыцця вільгаці на ржышчавым полі. Бываюць дыскавыя і лямешныя.

Дыскавыя Л. складаюцца з батарэй па 9—10 сферычных дыскаў, якія разразаюць глебу, рыхляць яе, часткова пераварочваюць верхні слой. Выкарыстоўваюцца для лушчэння ржышча на глыбіню 5—7 см і для перадпасяўной апрацоўкі глебы на глыбіню 4—10 см. Лямешныя Л. маюць адвальныя карпусы, выкарыстоўваюцца для лушчэння на глыбіню да 12 см і пераворвання глебы на глыбіню да 18 см.

Лушчыльнікі: 1 — дыскавы; 2 — лямешны.

т. 9, с. 380

ЛУШЧЫ́ЛЬНЫ СТАНО́К,

дрэварэзальны станок для атрымання спосабам лушчэння ліставога паўфабрыкату з натуральнай драўніны — лушчанай шпоны. Выкарыстоўваецца пераважна ў вытв-сці фанеры, а таксама запалак, мэблі, тары.

т. 9, с. 381

ЛУШЧЫ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (20.1.1907, в. Агароднікі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 9.9.1973),

бел. філосаф. Чл.-кар. АН Беларусі (1969). Д-р філас. н. (1952), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1930). З 1934 у АН Беларусі, з 1947 нам. дырэктара, дырэктар, заг. сектара Ін-та філасофіі і права. З 1953 заг. кафедры БДУ. Даследаваў гісторыю філас. і сацыялагічнай думкі, грамадскія ідэі ў вуснай нар. творчасці. У працы «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958) і інш. прааналізаваў светапогляды К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, інш. дзеячаў нац.-вызв. руху, бел. культуры.

І.М.Лушчыцкі.

Тв.:

Общественная мысль в период восстания 1863 г. Кастусь Калиновский // Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

т. 9, с. 381

ЛУШЧЭ́ННЕ,

паверхневае рыхленне глебы з частковым пераварочваннем і перамешваннем, падразаннем пустазелля і знішчэннем шкодных насякомых; агратэхнічны прыём апрацоўкі. Зніжае шчыльнасць глебы, павышае аэрацыю, спрыяе захаванню вільгаці. Праводзіцца адначасова або пасля жніва збожжавых і перад пераворваннем шматгадовых траў дыскавымі або лямешнымі лушчыльнікамі на глыб. 8—12 см. Можа замяняць узорванне з-пад прапашных культур на рыхлых глебах і чыстых ад пустазелля палях, а таксама на пераўвільготненых цяжкіх глебах.

Л.В.Круглоў.

т. 9, с. 381

ЛУШЧЭ́ННЕ ў дрэваапрацоўцы,

папярочнае рэзанне на лушчыльным станку цыліндрычнай кароткай загатоўкі з драўніны (цурбака) плоскім нажом з прамалінейным рэжучым кантам. Стружка (лушчаная шпона) мае выгляд неперарыўнай стужкі пастаяннай таўшчыні, выкарыстоўваецца для вытв-сці фанеры, драўнянаслаістых пластыкаў, клееных загатовак і для абліцоўкі вырабаў з драўніны.

т. 9, с. 381