Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КШАСІ́НСКАЯ Мацільда

(Марыя) Феліксаўна (31.8.1872, С.-Пецярбург — 6.12.1971),

артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;

Бобров В.Д., Кириков Б.М. Особняк Кшесинской. СПб., 1996.

т. 9, с. 68

КШАСІ́НСКІ (сапр. Кшасінскі-Нечуй) Фелікс

(Адам-Валезіуш) Іванавіч (Янавіч; 17.11.1823, Варшава — 16.7.1905),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1898). Вучыўся ў Варшаўскай балетнай школе (1831—38, педагог М.Піён). У 1844—52 танцоўшчык балетнай трупы «Варшаўскіх урадавых тэатраў». З 1853 саліст Пецярбургскай балетнай трупы. Асабліва па-заліхвацку выконваў польск., цыганскія, венг. танцы ў балетах і операх; першы ў Расіі «мазурыст». Сярод партый: Ініга («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Бірбанта («Карсар» А.Адана), цар Нубійскі, Кандаўл, Клод Фрола («Дачка фараона», «Цар Кандаўл», «Эсмеральда» Ц.Пуні), Брамін («Баядэрка» Л.Мінкуса). Наватар у пошуках «рэаліст. грыму» ў балетным т-ры. Паставіў балеты «Сялянскае вяселле» («Вяселле ў Айцове») Я.Стэфані, «Роберт і Бертрам, або Два злодзеі» І.Шміта і Пуні і інш.

Літ.:

Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.

т. 9, с. 68