Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КШЭ́НЕК, Кршэнек (Křenek) Эрнст (23.8.1900, Вена — 22.12.1991), аўстрыйска-амерыканскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Вене (з 1916), у Вышэйшай школе музыкі ў Берліне (1920—23). З 1937 у ЗША, праф. шэрагу ун-таў і каледжаў. У 1920-я г. зазнаў уплыў Б.Бартака, І.Стравінскага, П.Хіндэміта, як оперны кампазітар быў пад уплывам экспрэсіянізму. оперы «Скачок праз цень» (паст. 1924), «Джоні найгравае» (паст. 1927) з элементамі джаза і атанальнай муз. структурай. З 1930-х г. шырока выкарыстоўваў дадэкафонію, серыяльнасць (гумарыстычная тэлеопера «Разлічана і прайграна», 1961). З 1950-х г. адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангарда (тэлеопера «Чароўнае люстэрка», 1966). Пісаў электронную музыку, карыстаўся алеаторыкай. Аўтар 17 опер, 3 балетаў, аперэт, 5 сімфоній (1923—50), канцэртаў для інструментаў з аркестрам і інш.; кніг «Аб новай музыцы» (1937), «Эцюды аб кантрапункце» (1940), аўтабіяграфіі (1948) і інш.

Л.А.Сівалобчык.

т. 9, с. 69