КШАСІ́НСКІ (сапр. Кшасінскі-Нечуй) Фелікс
(Адам-Валезіуш) Іванавіч (Янавіч; 17.11.1823, Варшава — 16.7.1905),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1898). Вучыўся ў Варшаўскай балетнай школе (1831—38, педагог М.Піён). У 1844—52 танцоўшчык балетнай трупы «Варшаўскіх урадавых тэатраў». З 1853 саліст Пецярбургскай балетнай трупы. Асабліва па-заліхвацку выконваў польск., цыганскія, венг. танцы ў балетах і операх; першы ў Расіі «мазурыст». Сярод партый: Ініга («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Бірбанта («Карсар» А.Адана), цар Нубійскі, Кандаўл, Клод Фрола («Дачка фараона», «Цар Кандаўл», «Эсмеральда» Ц.Пуні), Брамін («Баядэрка» Л.Мінкуса). Наватар у пошуках «рэаліст. грыму» ў балетным т-ры. Паставіў балеты «Сялянскае вяселле» («Вяселле ў Айцове») Я.Стэфані, «Роберт і Бертрам, або Два злодзеі» І.Шміта і Пуні і інш.
Літ.:
Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)