Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗОА..., тое, што і Заа...

т. 7, с. 102

ЗОААНТРАПАНО́ЗЫ,

хваробы, агульныя для чалавека і жывёл, гл. Антрапазаанозы.

т. 7, с. 102

ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторый (акваторый) на асобныя рэгіёны (царствы, вобласці, падвобласці, правінцыі, раёны) паводле звестак пра геагр. пашырэнне жывёл і іх экалагічных груповак. Вызначае сучасныя і гіст. фактары і заканамернасці гэтага пашырэння. Выкарыстоўваецца з навук. і практычнымі мэтамі, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да мерапрыемстваў па ахове жывёл. Тэр. Беларусі ўваходзіць у склад лясной зоны Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага (Арктагейскага) царства. Усе яе схемы раянавання пабудаваны з улікам найб. выражанай дыферэнцыяцыі фауны ў шыротным напрамку. Вылучаюць раёны: паўночны (азёрны), пераходны (раён змены ландшафтаў), палескі, заходні і ўсходні (М.С.Долбік; 1965). Удакладненая схема З.р. (Долбік; 1974) пабудавана на ландшафтным прынцыпе аналізу стану жывёльнага свету.

т. 7, с. 102

ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,

карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.

т. 7, с. 103

ЗОАГЕАГРА́ФІЯ

(ад зоа... + геаграфія),

геаграфія жывёл, раздзел біягеаграфіі, які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым відаў жывёл, іх экалагічных груповак і заканамернасці іх пашырэння на зямным шары.

Першыя звесткі па З. з’явіліся ў працах Арыстоцеля, Плінія Старэйшага і інш.; асабліва хутка назапашванне інфармацыі ішло ў эпоху вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. Спробы падзелу паверхні Зямлі на асобныя зоагеагр. прасторы рабіліся ў 1-й пал. 19 ст. Вял. значэнне для развіцця З. мелі працы вучоных: англ. Ф.Склетэра, А.Уолеса, рас. М.А.Северцава, Л.С.Берга, Л.А.Зянкевіча, М.А.Мензбіра, П.П.Сушкіна і інш.

На Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1920-х г. (А.У.Фядзюшын, У.В.Станчынскі). Стан жывёльнага свету (віды і групоўкі млекакормячых, птушак, рыб, насякомых, паразітычных членістаногіх, водных беспазваночных) вывучалі І.М.Сяржанін, Фядзюшын, М.С.Долбік, П.І.Жукаў, І.К.Лапацін, В.І.Мержаеўская, Т.Р.Іанісіяні, І.Ц.Арзамасаў, І.В.Чыкілеўская, М.М.Драко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш. На падставе даных З. вучоныя складаюць схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюць рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах.

Літ.: Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.К.Лапацін.

т. 7, с. 103

ЗОАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ

(ад зоа... + меліярацыя),

паляпшэнне прыродных і антрапагенных аб’ектаў шляхам выкарыстання абарыгенных або інтрадукаваных відаў жывёл. Выкарыстоўваецца для барацьбы з зарастаннем каналаў і вадаёмаў-ахаладжальнікаў ЦЭЦ, паляпшэння гідрахім. рэжыму і памяншэння колькасці малакаштоўных відаў рыб у сажалках, знішчэння хваробатворных насякомых, шкоднікаў сельскай, лясной гаспадаркі і інш.

На Беларусі З. выкарыстоўваецца для знішчэння джгіроў, колюшкі, вярхоўкі, шчыпоўкі і інш. рыб, якія засмечваюць сажалкі (напр., сумесна з карпам вырошчваюць шчупакоў, судакоў і інш. драпежных рыб); для барацьбы з зарастаннем вадаёмаў разводзяць белага амура, таўсталобікаў, выкарыстоўваюць пушных драпежнікаў і малюскаў; на тарфяніках, што асушваюць, — беспазваночных жывёл-глебаўтваральнікаў (напр., дажджавых чарвей).

т. 7, с. 103

ЗОАПЛАНКТО́Н

(ад зоа... + планктон),

сукупнасць жывёл, якія жывуць у тоўшчы вады марскіх і прэсных вадаёмаў і пераносяцца цячэннямі; састаўная ч. планктону.

т. 7, с. 103

ЗОАХАРЫ́Я

(ад зоа... + харыя),

пашырэнне дыяспораў (зачаткаў раслін і грыбоў, іх спораў, пладоў і насення) жывёламі. Адрозніваюць эпізоахарыю — пасіўны перанос дыяспор на целе жывёлы з брудам, глеем або з дапамогай спец. прыстасаванняў (зачэпкі, шыпікі, шчацінкі і інш.), слізі або ліпкіх рэчываў; эндазоахарыю — пашырэнне праз стрававальную сістэму жывёл, пры гэтым дыяспоры не пашкоджваюцца, але зрэдку набываюць лепшую ўсходжасць (напр., у бружмелю, брызгліны, вішні, граната) і сінзоахарыю — актыўнае пашырэнне дыяспор, звязанае з назапашваннем корму жывёламі (бурундук, вавёрка, кедраўка, лясная мыш, сойка і інш.). Асобны выпадак сінзоахарыі — мірмекахарыя.

т. 7, с. 103

ЗОАХЛАРЭ́ЛА,

гл. ў арт. Эндасімбіёз.

т. 7, с. 103

ЗОАЦЭНО́З

(ад зоа... + цэноз),

сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч. біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.

т. 7, с. 103