ЗОАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ

(ад зоа... + меліярацыя),

паляпшэнне прыродных і антрапагенных аб’ектаў шляхам выкарыстання абарыгенных або інтрадукаваных відаў жывёл. Выкарыстоўваецца для барацьбы з зарастаннем каналаў і вадаёмаў-ахаладжальнікаў ЦЭЦ, паляпшэння гідрахім. рэжыму і памяншэння колькасці малакаштоўных відаў рыб у сажалках, знішчэння хваробатворных насякомых, шкоднікаў сельскай, лясной гаспадаркі і інш.

На Беларусі З. выкарыстоўваецца для знішчэння джгіроў, колюшкі, вярхоўкі, шчыпоўкі і інш. рыб, якія засмечваюць сажалкі (напр., сумесна з карпам вырошчваюць шчупакоў, судакоў і інш. драпежных рыб); для барацьбы з зарастаннем вадаёмаў разводзяць белага амура, таўсталобікаў, выкарыстоўваюць пушных драпежнікаў і малюскаў; на тарфяніках, што асушваюць, — беспазваночных жывёл-глебаўтваральнікаў (напр., дажджавых чарвей).

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)