Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗО́МБАРТ ((Sombart) Вернер) (19.1.1863, г. Эрмслебен, Германія — 18.5.1941),

нямецкі эканаміст, сацыёлаг і гісторык, філосаф культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі «арганізаванага капіталізму». У 1890 праф. у Вроцлаве, з 1906 — у Берліне. Працы З. прысвечаны даследаванню эканам. гісторыі Зах. Еўропы, у прыватнасці, узнікненню капіталізму, праблемам сац. стратыфікацыі і сац. мабільнасці. З. распрацаваў катэгорыю «эканамічнай сістэмы» ў сэнсе акрэсленай цэласнасці, якая ўключае спецыфічныя эканам. ін-ты, што ў сваю чаргу з’яўляюцца ўвасабленнем «духу грамадства». Вядучая ідэя яго творчасці — ідэя аб паступовай мірнай эвалюцыі капіталізму ў грамадства «сацыяльнага плюралізму», дзе доўгі час побач суіснуюць элементы капіталізму і сацыялізму. Асн. працы З.: «Сацыялізм і сацыяльны рух у 19 ст.» (1896), «Будучыня капіталізму» (1932).

В.І.Боўш.

т. 7, с. 105

ЗО́МЕРФЕЛЬД ((Sommerfeld) Арнольд) (5.12.1868, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія —26.4.1951),

нямецкі фізік-тэарэтык, заснавальнік мюнхенскай школы тэарэт. фізікі. Чл.-кар. Берлінскай АН (1920), замежны чл. АН СССР (1929). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1891). З 1891 працаваў у розных ВНУ Германіі, у 1908—40 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, спектраскапіі, электроннай тэорыі металаў. Рашыў задачу аб выпрамяненні вертыкальнага дыполя, які знаходзіцца на мяжы 2 асяроддзяў (1909), удакладніў мадэль атама Бора і стварыў тэорыю тонкай структуры спектра вадародападобных атамаў (1916), распрацаваў тэорыю тармазнога выпрамянення электронаў (1931). Аўтар падручнікаў па тэарэт. фізіцы.

Тв.:

Рус. пер. — Пути познания в физике. М. 1973.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 391—392.

А.Зомерфельд.

т. 7, с. 105