Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖУЖА́ЛА (Bombyliidae),

сямейства насякомых падатр. караткавусых прамашыўных атр. двухкрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў сухіх тропіках і субтропіках. Асобныя віды трапляюцца на Пд Карэльскага перашыйка і каля г. Якуцк, у гарах на выш. да 4500 м. Мухі жывуць пераважна на кветках, на адкрытых сонечных прасторах. На Беларусі каля 30 відаў, найб. трапляюцца Ж. вялікі (Bombylius major), разнаколерны (B. discolor) і жаласніца чорная (Anthrax morio).

Даўж. 0,8—30 мм. Цела з шырокім кароткім брушкам, укрытае густымі валаскамі або лусачкамі, стракатае з метал. бляскам. У многіх доўгі хабаток. Крылы празрыстыя, стракатыя. Развіццё большасці Ж. з гіперметамарфозам; лічынкі рухомыя, паразіты розных насякомых. Дарослыя добра лётаюць, харчуюцца нектарам.

Жужала: 1 — вялікі; 2 — разнаколерны.

т. 6, с. 442

ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — С. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),

парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.

т. 6, с. 442

ЖУЖУ́Й (Jujuy),

Сан-Сальвадор-дэ-Жужуй, горад на ПнЗ Аргенціны, на р. Рыо-Грандэ-дэ-Жужуй (бас. Параны). Адм. ц. прав. Жужуй. Засн. ў 1593. Каля 300 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г., горна-здабыўнога (свінец, цынк) і лесапрамысл. раёна. Харч. і лесапільныя прадпрыемствы.

т. 6, с. 442