сямейства насякомых падатр. караткавусых прамашыўных атр. двухкрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў сухіх тропіках і субтропіках. Асобныя віды трапляюцца на Пд Карэльскага перашыйка і каля г. Якуцк, у гарах на выш. да 4500 м. Мухі жывуць пераважна на кветках, на адкрытых сонечных прасторах. На Беларусі каля 30 відаў, найб. трапляюцца Ж. вялікі (Bombylius major), разнаколерны (B. discolor) і жаласніца чорная (Anthrax morio).
Даўж. 0,8—30 мм. Цела з шырокім кароткім брушкам, укрытае густымі валаскамі або лусачкамі, стракатае з метал. бляскам. У многіх доўгі хабаток. Крылы празрыстыя, стракатыя. Развіццё большасці Ж. з гіперметамарфозам; лічынкі рухомыя, паразіты розных насякомых. Дарослыя добра лётаюць, харчуюцца нектарам.