ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — С. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)