Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жыбуль Іван Якаўлевіч

т. 18, кн. 1, с. 386

Жыва

т. 6, с. 453

Жывакіні Васіль Ігнатавіч

т. 6, с. 453

жывакост

т. 6, с. 453

ЖЫВАЛЕ́ЎСКІ (Валерый Серафімавіч) (н. 11.1.1961, г. Гродна),

бел. гітарыст, педагог; адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Гродзенскае муз. вучылішча (1980), Бел. кансерваторыю (1985). Удасканальваўся ў Маскоўскім дзярж. муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1989). З 1989 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У рэпертуары старадаўняя лютневая і гітарная бел. музыка, п’есы кампазітараў-класікаў (у т.л. ва ўласных транскрыпцыях і апрацоўках), творы бел. аўтараў (Г.Гарэлавай, В.Войціка, Я.Паплаўскага). Аўтар артыкулаў пра бытаванне лютні і гітары на Беларусі, аўтар і складальнік нотных зборнікаў «Альбом юнага гітарыста» (1994), «Беларуская гітарная музыка» (1995), «Гігара ў ансамблі» (1997). Стварыў шмат запісаў на радыё. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. і нац. конкурсаў У.Захараў, Ф.Волкаў, В.Тарлецкі.

т. 6, с. 454

ЖЫВАНАРАДЖЭ́ННЕ, вівіпарыя,

спосаб узнаўлення патомства, пры якім зародак развіваецца ў матчыным арганізме, атрымлівае непасрэдна ад яго пажыўныя рэчывы і нараджаецца ў выглядзе дзіцяняці або лічынкі, вызваленых ад абалонак яйца. Уласціва шэрагу беспазваночных (некат. кішачнаполасцевым, членістаногім, малюскам, чарвям), пазваночным (некат. рыбам, земнаводным, паўзунам, млекакормячым жывёлам) і чалавеку. Пра Ж. ў раслін гл. Жывародныя расліны.

т. 6, с. 454

ЖЫ́ВАПІС,

від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.

Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, змаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл. Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).

Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс. г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт. Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай. Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл. Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж. Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл. Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм. кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.

На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн. еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял. Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел. тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл. гл. таксама да арт. Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральнадэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.

Літ.:

Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;

Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.

С.У.Пешын.

Да арт. Жывапіс. Невядомы мастак. Партрэт Аляксандра Астрожскага. 1660—70-я г.
Да арт. Жывапіс. А.Дзюрэр. Чатыры апосталы. 1526.
Да арт. Жывапіс. І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.
Да арт. Жывапіс. Э.Дэга. Жанчына расчэсвае валасы. Каля 1883.
Да арт. Жывапіс. В.Цвірка. Збажына ўбрана. 1972.
Да арт. Жывапіс. Р.Дэланэ. Даніна павагі Блерыо. 1914.
Да арт. Жывапіс. П.Сергіевіч. Партызан Федзя. 1943.
Да арт. Жывапіс. В.Бялыніцкі-Біруля. Блакітнай вясною. 1952.
Да арт. Жывапіс. Ф.Янушкевіч. Роздум (партрэт Цёткі). 1976.
Да арт. Жывапіс. Р.Таболіч. Калодзеж. 1981.
Да арт. Жывапіс. У.Маскоўскіх. Збожжа ўбрана. 1983.
Да арт. Жывапіс. Г.Вашчанка. Балада аб мужнасці. 1974.
Да арт. Жывапіс. Л.Шчамялёў. Івянецкія льны. 1977.
Да арт. Жывапіс. М.Апіёк. Расчыненае акно. 1986.
Да арг. Жывапіс. М.Селяшчук. Люблю цябе сустракаць. 1994.

т. 6, с. 454

ЖЫВАПІ́СЕЦ (лац. Pictor),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 6, с. 457

ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),

сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.

Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.

Жывародка балотная.

т. 6, с. 457

ЖЫВАРО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, у якіх на наземных органах (у кветках, суквеццях, пладах, на лісці) фарміруюцца невял. зялёныя раслінкі, клубеньчыкі, цыбулінкі, пупышкі і інш., што потым падаюць на зямлю і развіваюцца ў новую асобіну. Пашыраны пераважна ў тундрах, стэпах, на высакагорных альпійскіх лугах, дзе расліны за кароткі вегетацыйны перыяд не могуць прайсці поўны цыкл развіцця і насенне не выспявае. На Беларусі з Ж.р. растуць метлюжок цыбульны, цыбуля (агародная, прычасночная, вінаградная), зубніца клубняносная, скочкі атожылкавыя; як лек. і дэкар. пакаёвую расліну вырошчваюць каланхоэ. Да Ж.р. належаць і многія насельнікі мангравых лясоў, у якіх насенне прарастае яшчэ ў няспелых пладах. У гэтай з’явы ёсць вонкавае падабенства з «прарастаннем на корані» збожжавых злакаў, у якіх пачынаюць расці спелыя зярняўкі, што страцілі фізіял. сувязь з мацярынскай раслінай.

т. 6, с. 457