ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),

сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.

Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.

Жывародка балотная.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)