Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЫД ((Gide) Андрэ) (22.10.1869, Парыж — 19.2.1951),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў паэт. «Сшыткамі Андрэ Вальтэра» (1891) і «Вершамі Андрэ Вальтэра» (1892), напісанымі пад уплывам сімвалізму. Апошні стаў вызначальным у аповесцях «Падарожжа Урыяна» і «Вопыт кахання» (абедзве 1893) і асабліва ў тэарэт. «Трактаце пра Нарцыса» (1891). Сталыя проза. і драматургія Ж. адметныя вострай крытыкай маральных асноў і інстытутаў бурж. грамадства, асабліва сям’і і царквы, распрацоўкай новых сюжэтных прыёмаў, уплывам паэтыкі саці — сярэдневяковага фарса; кніга лірычнай прозы «Ежа зямная» (1897), сатыр. аповесць «Кепска прыкаваны Праметэй» (1899) і аповесць «Імараліст» (1902). Вядомасць яму прынеслі раман «Цесная брама» (1909) і аповесць «Ізабель» (1911), у якіх распрацоўваецца тэма барацьбы асобы за права на самавыражэнне. Аўтар рамана «Падзямеллі Ватыкана» (1914) і аповесці «Пастаральная сімфонія» (1919), аб’яднаных рэзкай антыклерыкальнай накіраванасцю, рамана «Фальшываманетчыкі» (1926). Стылістычнай дасканаласцю вылучаецца яго драматургія («Цар Кандаўл», 1901, «Саул», 1903, «Эдып», 1931), «Дзённікі» (т. 1—3, 1939—50), эсеістыка. Нобелеўская прэмія 1947.

Тв.: Рус. пер. — Фальшивомонетчики; Тесные врата. М., 1991; Избр. произв. М., 1993; Избранное. М., 1997.

К.М.Міхееў.

А.Жыд.

т. 6, с. 462

ЖЫД ((Gide) Шарль) (29.6.1847, г. Юзес, Францыя — 13.3.1932),

французскі эканаміст, гісторык, тэарэтык франц. каап. руху, стваральнік т.зв. Німскай школы. Скончыў Парыжскі ун-т (1874). Праф. ун-таў у Бардо (1874), Манпелье (1880), Парыжы (1898—1920). Прыхільнік суб’ектыўнай школы палітэканоміі і тэорыі «кааператыўнага сацыялізму». Лічыў, што капіталіст. вытв-сць можа быць рэфармавана шляхам масавага развіцця спажывецкіх кааператываў, якія забяспечаць справядлівыя адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі. У 1887—1911 выдаваў час. «Revue d’Économie Politique» («Агляд палітэканоміі»). Аўтар прац «Прынцыпы палітэканоміі» (1884), «Гісторыя эканамічных вучэнняў ад фізіякратаў да навейшых часоў» (разам з Ш.Рыстам, 1909) і інш.

т. 6, с. 462

ЖЫ́ДЛІЦКІ ((Židlicky) Вацлаў) (н. 16.4.1931, в. Купічаў Валынскай вобл., Украіна),

чэшскі літаратуразнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1967). Ганаровы д-р БДУ (1996). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1955), з 1976 праф. гэтага ун-та. Даследуе гісторыю бел. і ўкр. л-р, іх сувязі з чэш. л-рай. Аўтар прац «Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах» (1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменнікаў. Ч. 2. Украінскія і беларускія пісьменнікі» (1959, 2-е выд. 1966), «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці» (1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972); сааўтар «Слоўніка пісьменнікаў. Савецкі Саюз» (т. 1—2, 1978, арт. пра бел. і ўкр. пісьменнікаў), «Нарысаў па гісторыі літаратур народаў СССР» (1982, з Р.Паралекам) і інш. На чэш. мову пераклаў кнігі А.Адамовіча, В.Быкава, Я.Брыля, У.Караткевіча, А.Карпюка, У.Калесніка, І.Пташнікава, І.Шамякіна, асобныя творы Ц.Гартнага, К.Чорнага і інш. Укладальнік «Анталогіі сучаснай беларускай паэзіі», аднатомнікаў Я.Купалы, М.Танка і інш.

Літ.:

Гардзіцкі А. Размова з Вацлавам Жыдліцкім // Далягляды. Мн., 1980.

А.В.Мальдзіс.

т. 6, с. 463

ЖЫДО́ВІЧ (Марыя Андрэеўна) (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).

Н.С.Мажэйка.

т. 6, с. 463

«ЖЫДО́ЎСТВУЮЧЫХ» Е́РАСЬ, наўгародска-маскоўская ерась,

рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.А.Алелькавіч (гл. ў арт. Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял. кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.Патрыкееў, С.Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).

С.В.Марозаеа.

т. 6, с. 463

ЖЫ́ДЧА,

вёска ў Хойнаўскім с/с Пінскага р-на Брэсцкай вобл., каля вадасх. Жыдча. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад горада і чыг. ст. Пінск, 200 км ад Брэста. 706 ж., 232 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 463

ЖЫ́ДЧА,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.

т. 6, с. 463