Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЫ́ЦЕНЬ,

у бел. нар. дэманалогіі «гаспадар» поля (яго жаночая паралель — жытняя баба). Ж. ўяўлялі ў выглядзе маленькага дзядка («жытні дзед») з доўгай барадой. Лічылася, што ён забяспечваў ураджай жыта («даваў жыта»), збіраў каласы на жытняй ніве нядбайнай гаспадыні і пераносіў іх на поле руплівай жняі. Яго шанавалі таксама як духа багацця і дабрабыту. З вобразам Ж. звязаны земляробчы абрад «завіванне барады».

т. 6, с. 475

ЖЫ́ЦЕЦ,

кветкавая расліна, тое, што цімафееўка.

т. 6, с. 475

ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,

від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.

Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт. Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.

Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст.«Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб. «Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.

Публ.:

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 6, с. 475

«ЖЫЦІЕ́ АЛЯКСЕ́Я, ЧАЛАВЕ́КА БО́ЖАГА»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры канца 15 ст. Змешчана ў рукапісным зб-ку разам з «Страсцямі Хрыстовымі» і «Аповесцю пра трох каралёў». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем чэш. крыніц. Шырока адлюстроўвае рысы бел. нар. гаворкі свайго часу.

«Жыціе...» апавядае пра Аляксея, які ў імя веры пакінуў багатых бацькоў і жонку і стаў хрысціянскім падзвіжнікам. Пасля вярнуўся ў бацькоўскі дом пад выглядам жабрака і жыў так 17 гадоў. Толькі пасля яго смерці бацькі даведаліся, што гэта быў іх сын. Аповесць вядома ў чэш. і польскім перакладах, у празаічным, вершаваным і драматургічным варыянтах. Зборнік зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959;

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Адрианова В.П. Житие Алексея, человека божия, в древней русской литературе и народной словесности. Пг., 1917.

У.​М.​Сеяжынскі.

т. 6, с. 475

«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,

помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.

Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.

У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.

Публ.:

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 6, с. 475

«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,

помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Кяіга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 6, с. 475

«ЖЫЦІЕ́ ФЕАДО́СІЯ ПЯЧЭ́РСКАГА»,

адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.​Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 6, с. 476

«ЖЫЦІІ́ СВЯТЫ́Х»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 17 ст. Перакладзены з польскай мовы. Першакрыніца — «Жыціі святых» П.​Скаргі. Вядомы тры скарочаныя бел. пераклады. Найб. поўны (141 жыціе) створаны ў 2-й пал. 17 ст., відаць, у Магілёве, захаваў многія літ. асаблівасці арыгінала. Бел. перакладчыкі выбіралі творы пра найб. вядомых «святых», часам уносілі змены ў тэксты (апускалі выпады супраць праваслаўных і пратэстантаў, пахвалы рымска-каталіцкаму касцёлу і інш.). Творы ў зборніку маюць сярэдневяковы рэліг.-аскетычны, дыдактычны характар, схематычныя вобразы, але дзякуючы багаццю зместу, даходлівасці выкладу былі папулярныя сярод бел., польскіх і ўкр. чытачоў.

Літ.:

Гудзий Н.К. Переводы «Żywotów śwętych» Петра Скарги в Юго-Западной Руси. Киев, 1917;

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 6, с. 476

ЖЫ́ЦІК (Lolium),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.

Г.​У.​Вынаеў.

Жыцік расстаўлены.

т. 6, с. 476

ЖЫЦЦЕЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ касманаўтаў,

комплекс сістэм і мерапрыемстваў для забеспячэння жыццядзейнасці і працаздольнасці чалавека ў касм. палёце, пры выхадзе ў адкрыты космас і на паверхню нябесных цел. Для стварэння і падтрымання неабходных умоў Ж. ў касм. палёце выкарыстоўваюцца герметычныя кабіны рэгенерацыйнага тыпу і індывід. скафандры.

Герметычная кабіна абсталёўваецца сістэмай Ж., якая складаецца з падсістэм: рэгенерацыі паветра, водазабеспячэння, забеспячэння ежай, тэрмарэгулявання, сан.-гігіенічнага забеспячэння. Адрозніваюць сістэмы Ж.: адкрытыя (маюць запасы кіслароду, ежы, вады; адходы жыццядзейнасці складуюцца або выдаляюцца за борт, газападобныя прадукты паглынаюцца фільтрамі), часткова закрытыя (забяспечваюць рэгенерацыю вады, атрыманне кіслароду электролізам вады або раскладаннем вуглякіслага газу), закрытыя (адбываецца кругаварот асн. элементаў і рэчываў з узнаўленнем харч. прадуктаў, рэгенерацыяй вады, кіслароду, утылізацыяй адходаў жыццядзейнасці). Для рэгенерацыі рэчываў і элементаў у сістэме Ж. выкарыстоўваюцца біял. і фіз.-хім. метады. Гл. таксама Біятэхнічная сістэма.

Н.​А.​Ушакова.

т. 6, с. 476