Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖУА́Н-ПЕСО́А (João Pessoa),

горад на ПдУ Бразіліі, на р. Параіба. Адм. ц. штата Параіба. Засн. ў 1585 пад назвай Параіба. Каля 400 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог, пачатак Трансамазонскай шашы. Порт у вусці р. Параіба даступны для марскіх суднаў. Аэрапорт. Прам-сць: буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Ун-т. Арх. помнікі 18 ст.

т. 6, с. 441

ЖУБА́НАВА (Газіза Ахметаўна) (н. 2.12.1927, урочышча Касуактам Акцюбінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар. Нар. арт. Казахстана (1973), нар. арг. СССР (1981). Скончыла Маск. кансерваторыю (1954, клас Ю.Шапорына). З 1966 выкладае ў Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1978 праф., у 1975—87 яе рэктар). Сярод твораў: оперы «Енлік і Кебек» (1975), «Дваццаць восем» (1981), «Курмангазы» (разам з бацькам А.Жубанавым, 1987), балет «Легенда пра белую птушку» (1966); араторыі «Зара над стэпам» (1960), «Аральская быль» (1978), «Пісьмо Таццяны» (1983), «Палюбі чалавек чалавека» (1988); кантаты; сімфоніі «Жыгер» (1973), «Востраў Жанчын» (1983), сімф. паэмы (1954, 1965); канцэрты для фп. (1986) і скрыпкі (1958) з арк.; камерна-інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Казахстана 1970.

т. 6, с. 442

ЖУ́ВІНТАС,

запаведнік у Алітускім р-не Літвы, у вярхоўях левага прытока р. Нямунас — Шашупе. Засн. ў 1946 для аховы месцаў пражывання вадаплаўных птушак, рэліктавых і рэдкіх раслін. Пл. 5428 га (1032 га займае воз. Жувінтас, якое знаходзіцца ў запаведным -рэжыме з 1937). Тыповыя ландшафты паўд.-зах. Літвы маюць у наяўнасці вярховыя і нізінныя балоты (каля 2900 га агульнай пл.), лясы (каля 1200 га) і лугі (каля 70 га). Флора ўключае 613 відаў вышэйшых раслін, з якіх 39 ахоўныя. У арнітафауне запаведніка ўлічана каля 250 відаў птушак, з якіх 139 гняздоўныя. Найб. каштоўны — натуральна акліматызаваны лебедзь-шыпун. Тэрыяфауна прадстаўлена 35 відамі: да фонавых належаць дзік, казуля, лось, характэрныя віды — заяц-русак, вавёрка звычайная, ліс, янотападобны сабака, барсук, лясная куніца, рачная выдра. У іхтыяфауне возера сярод 20 відаў рыб найб. шматлікі шчупак, звычайны лінь, краснапёрка, плотка, лешч.

т. 6, с. 442

ЖУВЭ́ ((Jouvet) Луі) (24.12.1887, г. Кразон, Францыя — 16.8.1951),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. Праф. (1934). Сцэн. дзейнасць пачаў у «Тэатр дэз Ар» (1911). Працаваў у т-рах «В’ё каламб’е» (з 1913), «Камедыя Елісейскіх палёў» (з 1922, з 1924 і кіраўнік), «Атэней» (з 1934). Сярод лепшых роляў: Кнок («Кнок» Ж.Рамэна), Дон Жуан, Тарцюф (аднайм. п’есы Мальера), Меркурый, Гектар («Амфітрыён 38», «Траянскай вайны не будзе» Ж.Жыраду). Ставіў п’есы тагачасных драматургаў, у якіх узнімаў актуальныя тэмы жыцця грамадства. З 1932 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Гераічная кермеса», «На дне», «Паўночны атэль» і інш.

т. 6, с. 442

ЖУДРО́ (Васіль Сцяпанавіч) (1917, в. Карані Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.4.1942),

адзін з кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. У 1941 вучыўся на курсах у Мінску. У пач. акупацыі горада ўстанавіў сувязь з падп. групай у раёне Камароўкі і партыз. групай «Дзядзькі Васі» (В.Т.Варанянскага). Арганізаваў вывад да партызан групы людзей, адпраўку зброі і боепрыпасаў. Са снеж. 1941 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Удзельнічаў у правядзенні дыверсій на аўтамагістралях каля горада. 17.4.1942 цяжка паранены, памёр ад ран.

В.С.Жудро.

т. 6, с. 442

ЖУДЫ́К (Judic) Ганна [сапр. Дам’ен

(Damiens) Ганна Марыя Луіза; 17.7.1850, г. Семюр, Францыя — 15.4.1911], французская артыстка аперэты, эстр. спявачка. Вучылася ў Парыжскай кансерваторыі. З 1867 выступала ў парыжскіх т-рах, з 1872 — у «Буф-Парызьен» (па запрашэнні Ж.Афенбаха),

з 1876 у «Вар’етэ». Яе творчасці былі ўласцівы дасканалае вак. майстэрства, лёгкасць і віртуознасць камедыйнай тэхнікі. Сярод партый: Алена, Герцагіня («Прыгожая Алена», «Герцагіня Геральштэйнская» Афенбаха), Дэніза («Мадэмуазель Нітуш» Ф.Эрвэ). Як эстр. спявачка стварыла ўласны стыль выканання, заснаваны на гранічнай выразнасці жэста.

т. 6, с. 442

ЖУЖА́ЛА (Bombyliidae),

сямейства насякомых падатр. караткавусых прамашыўных атр. двухкрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў сухіх тропіках і субтропіках. Асобныя віды трапляюцца на Пд Карэльскага перашыйка і каля г. Якуцк, у гарах на выш. да 4500 м. Мухі жывуць пераважна на кветках, на адкрытых сонечных прасторах. На Беларусі каля 30 відаў, найб. трапляюцца Ж. вялікі (Bombylius major), разнаколерны (B. discolor) і жаласніца чорная (Anthrax morio).

Даўж. 0,8—30 мм. Цела з шырокім кароткім брушкам, укрытае густымі валаскамі або лусачкамі, стракатае з метал. бляскам. У многіх доўгі хабаток. Крылы празрыстыя, стракатыя. Развіццё большасці Ж. з гіперметамарфозам; лічынкі рухомыя, паразіты розных насякомых. Дарослыя добра лётаюць, харчуюцца нектарам.

Жужала: 1 — вялікі; 2 — разнаколерны.

т. 6, с. 442

ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — С. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),

парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.

т. 6, с. 442

ЖУЖУ́Й (Jujuy),

Сан-Сальвадор-дэ-Жужуй, горад на ПнЗ Аргенціны, на р. Рыо-Грандэ-дэ-Жужуй (бас. Параны). Адм. ц. прав. Жужуй. Засн. ў 1593. Каля 300 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г., горна-здабыўнога (свінец, цынк) і лесапрамысл. раёна. Харч. і лесапільныя прадпрыемствы.

т. 6, с. 442