ЖУ́ВІНТАС,
запаведнік у Алітускім р-не Літвы, у вярхоўях левага прытока р. Нямунас — Шашупе. Засн. ў 1946 для аховы месцаў пражывання вадаплаўных птушак, рэліктавых і рэдкіх раслін. Пл. 5428 га (1032 га займае воз. Жувінтас, якое знаходзіцца ў запаведным -рэжыме з 1937). Тыповыя ландшафты паўд.-зах. Літвы маюць у наяўнасці вярховыя і нізінныя балоты (каля 2900 га агульнай пл.), лясы (каля 1200 га) і лугі (каля 70 га). Флора ўключае 613 відаў вышэйшых раслін, з якіх 39 ахоўныя. У арнітафауне запаведніка ўлічана каля 250 відаў птушак, з якіх 139 гняздоўныя. Найб. каштоўны — натуральна акліматызаваны лебедзь-шыпун. Тэрыяфауна прадстаўлена 35 відамі: да фонавых належаць дзік, казуля, лось, характэрныя віды — заяц-русак, вавёрка звычайная, ліс, янотападобны сабака, барсук, лясная куніца, рачная выдра. У іхтыяфауне возера сярод 20 відаў рыб найб. шматлікі шчупак, звычайны лінь, краснапёрка, плотка, лешч.
т. 6, с. 442
ЖУВЭ́ ((Jouvet) Луі) (24.12.1887, г. Кразон, Францыя — 16.8.1951),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. Праф. (1934). Сцэн. дзейнасць пачаў у «Тэатр дэз Ар» (1911). Працаваў у т-рах «В’ё каламб’е» (з 1913), «Камедыя Елісейскіх палёў» (з 1922, з 1924 і кіраўнік), «Атэней» (з 1934). Сярод лепшых роляў: Кнок («Кнок» Ж.Рамэна), Дон Жуан, Тарцюф (аднайм. п’есы Мальера), Меркурый, Гектар («Амфітрыён 38», «Траянскай вайны не будзе» Ж.Жыраду). Ставіў п’есы тагачасных драматургаў, у якіх узнімаў актуальныя тэмы жыцця грамадства. З 1932 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Гераічная кермеса», «На дне», «Паўночны атэль» і інш.
т. 6, с. 442