род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі па берагах рэк, канаў, у алешніках, на сырых лугах звычайна трапляецца Ж. лекавы (S. officinale) і вельмі рэдка — Ж. данскі (S. tanaicense). З інтрадукаваныя віды: Ж. каўказскі (S. caucasicum), Ж. крымскі (S. tauricum) і Ж. цвёрды (S. asperum), вырошчваюцца як кармавыя расліны.
Шматгадовыя буйныя, апушаныя, травяністыя расліны з тоўстымі галінастымі амаль чорнымі каранямі і суцэльным цвердаватым лісцем. Кветкі двухполыя. правільныя. пурпурова-фіялетавыя, ружова-чырвоныя, з трубчаста-званочкавым вяночкам, у паніклых, густааблісцелых завітках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучая, супрацьзапаленчая. кроваспыняльная) і кармавая расліна.