Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДОН,

рака ў еўрап. ч. Расіі. Даўж. 1870 км. Пл. бас. 422 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах Сярэдня-Рускага ўзв. на выш. 190 м. Упадае ў Таганрогскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. да 340 км²). Верхняе цячэнне ўздоўж стромкага ўсх. краю Сярэдня-Рускага ўзв., даліна вузкая, рэчышча звілістае, сярэдняе і ніжняе цячэнні ў шырокай даліне з шырокай поймай. Малы нахіл у нізоўі абумоўлівае вельмі павольнае цячэнне. Асн. прытокі: Хапёр, Мядзведзіца, Сал, Маныч (злева), Северскі Данец (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў у вярхоўі з ліст. да крас., у нізоўі — з пач. снеж. да канца сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 935 м³/с. Рыбалоўства. Асн. прамысл. рыбы: судак, лешч, сазан, чахонь, данецкі селядзец, асетр, сяўруга (у ніжнім цячэнні). Выкарыстоўваецца для арашэння. Д. злучаны з Волгай Волга-Данскім суднаходным каналам. На Д. — Цымлянская ГЭС і вадасховішча; Мікалаеўскі, Канстанцінаўскі і Кочатаўскі гідравузлы. Суднаходная ад вусця р. Сасна (1604 км), рэгулярнае суднаходства ад г. Ліскі (1355 км). У бас. Д. запаведнікі Галчыная Гара і Хапёрскі. Гал. гарады: Ліскі, Калач-на-Доне, Растоў-на-Доне, Азоў, Валгадонск (порт на Цымлянскім вадасх.).

Літ.:

Моложавенко В.С. Голубые родники. От истоков до устья [Дона]. М., 1971.

т. 6, с. 183

ДОН ((Donne) Джон) (22.1 або 12.2.1572, Лондан — 31.3.1631),

англійскі паэт, заснавальнік т.зв. метафізічнай школы англ. барока. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1615 прыняў духоўны сан, з 1621 настаяцель сабора св. Паўла ў Лондане. Вершы Д. разыходзіліся ў рукапісах (свядома не друкаваў іх, выпадкова былі апублікаваны пахавальныя элегіі «Шлях душы» і «Анатомія свету», 1611—12). Першы зборнік паэзіі выйшаў пасля смерці Д. ў 1633. Пісаў у жанры сатыры, эпісталы, любоўнай элегіі, санета (найб. вядомы цыкл «Песні і санеты»), духоўнай лірыкі. У позні перыяд пераважалі рэліг. матывы з разважаннямі аб прыродзе чалавечай душы, яе макракосмасе («Святыя санеты»). Адкрытая нанова ў 20 ст. творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. паэзію.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1973;

У кн.: Английская лирика первой половины XVII в. М. 1989.

Г.В.Сініла.

т. 6, с. 183

ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

ДО́НАР у фізіцы,

дэфект крышт. рашоткі паўправадніка (напр., дамешкавы атам), здольны аддаваць электроны ў зону праводнасці. Тыповыя Д. для германію Ge і крэмнію Si — атамы элементаў V групы перыядычнай сістэмы (фосфар Р, мыш’як As, сурма Sb). Гл. таксама Акцэптар, Паўправаднікі.

т. 6, с. 183

ДО́НЕР ((Donner) Георг Рафаэль) (24.5.1693, Эслінг, цяпер у межах Вены — 15.2.1741),

аўстрыйскі скульптар. Вучыўся ў Гайлігенкройцы. Працаваў у Вене (з 1715), Зальцбургу (1725—28), Браціславе (1728—38). Д. захоўваў уласцівую пластыцы барока дынаміку і адначасова імкнуўся да класічнай выразнасці формаў. Яго творы ў галіне манум.-дэкар. скульптуры адметныя дынамікай і эфектыўнасцю кампазіцыі, строгай вытанчанасцю формаў (гал. алтар сабора св. Марціна ў Браціславе 1732—34, алегарычныя фігуры для фантана на Новым рынку ў Вене 1737—39 і інш.).

Р.Донер. «Бажаство ракі Энс». Фігура для фантана на Новым рынку ў Вене. 1738.

т. 6, с. 183

ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,

тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.

т. 6, с. 183