ДОЖ (італьян. doge ад лац. dux правадыр),
кіраўнік Венецыянскай (у канцы 7—18 ст.) і Генуэзскай (у 14—18 ст.) рэспублік. У Венецыі выбіраўся патрыцыятам з свайго асяроддзя пажыццёва і першапачаткова меў вял. ўладу. У 12—14 ст. роля Д. паступова зведзена да намінальнага прадстаўніцтва. У Генуі пажыццёвая пасада Д. ўведзена ў 1339, пасля 1528 тэрмін яе выканання абмежаваны 2 гадамі. Скасавана ў 1797 пасля заняцця паўн. Італіі войскамі ген. Напалеона Банапарта.
т. 6, с. 176
ДОЖДЖ,
від атмасферных ападкаў у выглядзе кропель вады дыяметрам 0,5—7 мм. Утвараецца ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ў паветры і зліцця дробных кропель у больш буйныя або раставання крышталёў, што выпадаюць з воблакаў.
Аблажныя Д. працяглыя. раўнамернай інтэнсіўнасці, выпадаюць са слаіста-дажджавых або высокаслаістых воблакаў на вял. плошчы; ліўневыя Д. кароткачасовыя, маюць хутказменлівую і часта вял. інтэнсіўнасць, выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў (гл. Лівень). Д. з дыяметрам кропель менш за 0,5 мм наз. імжой. Бывае ледзяны Д. у выглядзе дробных празрыстых ледзяных шарыкаў дыяметрам 1—3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні кропель Д. ў паветры з адмоўнай т-рай, і пераахалоджаны Д., кроплі якога застаюцца вадкімі пры адмоўнай т-ры і замярзаюць у выглядзе галалёду на паверхні Зямлі.
На Беларусі выпадзенне Д. часцей звязана з цыкланічнай дзейнасцю. Вадкія ападкі (пераважна Д.) даюць ад 75% на У да 80% на 3 гадавой сумы ападкаў. За год бывае каля 110 сут з Д. Летам пераважаюць ліўневыя Д., найб. дажджлівы месяц ліпень (13—16 сут з Д.). У халодны перыяд года акрамя снегу выпадаюць аблажныя Д. і імжа (да 8 сут з ападкамі за месяц). Гл. таксама Ападкі атмасферныя.
т. 6, с. 176
ДО́ЖЫ ДЗЬЁРДЗЯ ПАЎСТА́ННЕ 1514, Сялянская вайна 1514, найбуйнейшае антыфеад. ўзбр. выступленне ў сярэдневяковай Венгрыі. Яго перадумовай быў набор у краіне з крас. 1514 добраахвотнікаў для крыжовага паходу супраць туркаў. Успыхнула ў маі як рэакцыя сялян на спыненне іх прыёму ў крыжацкае войска (прыём у крыжакі азначаў для сялян вызваленне з-пад улады іх паноў). Ахапіла б.ч. дзяржавы, праходзіла пад лозунгамі адмены феад. эксплуатацыі і царк. дзесяціны, падзелу царк. зямель паміж крыжакамі, устанаўлення ўсеагульнай роўнасці, спрашчэння царк. арганізацыі. Ўдзельнічала да 100 тыс. чал. (пераважна сялян), аднак з-за разрозненасці дзеянняў каля 50 тыс. паўстанцаў былі хутка знішчаны дваранскімі атрадамі. Спыненне ў ліп. 22-тысячным войскам трансільванскага ваяводы Я.Запаяі гал. сіл паўстанцаў на чале з Дзьёрдзем Дожам каля крэпасці Тэмешвар (цяпер Тымішаара, Румынія), калі Дожа трапіў у палон і быў пакараны смерцю, паскорыла паражэнне паўстання. У крас.—ліст. 1514 Дзярж. сход прыняў закон аб пазбаўленні сялян свабоды і навечным прымацаванні іх да зямлі (адменены ў 1530).
Літ.:
Гусарова Т.П. «Я хотел обновить мир» // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
т. 6, с. 176