ДОН,
рака ў еўрап. ч. Расіі. Даўж. 1870 км. Пл. бас. 422 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах Сярэдня-Рускага ўзв. на выш. 190 м. Упадае ў Таганрогскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. да 340 км²). Верхняе цячэнне ўздоўж стромкага ўсх. краю Сярэдня-Рускага ўзв., даліна вузкая, рэчышча звілістае, сярэдняе і ніжняе цячэнні ў шырокай даліне з шырокай поймай. Малы нахіл у нізоўі абумоўлівае вельмі павольнае цячэнне. Асн. прытокі: Хапёр, Мядзведзіца, Сал, Маныч (злева), Северскі Данец (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў у вярхоўі з ліст. да крас., у нізоўі — з пач. снеж. да канца сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 935 м³/с. Рыбалоўства. Асн. прамысл. рыбы: судак, лешч, сазан, чахонь, данецкі селядзец, асетр, сяўруга (у ніжнім цячэнні). Выкарыстоўваецца для арашэння. Д. злучаны з Волгай Волга-Данскім суднаходным каналам. На Д. — Цымлянская ГЭС і вадасховішча; Мікалаеўскі, Канстанцінаўскі і Кочатаўскі гідравузлы. Суднаходная ад вусця р. Сасна (1604 км), рэгулярнае суднаходства ад г. Ліскі (1355 км). У бас. Д. запаведнікі Галчыная Гара і Хапёрскі. Гал. гарады: Ліскі, Калач-на-Доне, Растоў-на-Доне, Азоў, Валгадонск (порт на Цымлянскім вадасх.).
Літ.:
Моложавенко В.С. Голубые родники. От истоков до устья [Дона]. М., 1971.
т. 6, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)