Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГНАЕВІКІ́

(Laparosticti),

група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапр. гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.

Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.

т. 5, с. 312

ГНАЙНІЧКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ,

гл. Піядэрмія.

т. 5, с. 312

ГНАСЕАЛО́ГІЯ

(ад грэч. gnōsis веды + ...логія),

вучэнне аб пазнанні; раздзел філасофіі, які вывучае суадносіны суб’екта і аб’екта ў працэсе пазнавальнай дзейнасці, магчымасці і межы пазнання свету чалавекам, шляхі і сродкі дасягнення ісціны. Гнасеалогія даследуе: месца і ролю ведаў у адносінах чалавека да сусвету, у развіцці індывід. чалавека (асобы) і ў эвалюцыі грамадства, яго трансфармацыі; асаблівасці пазнання як спецыялізаванай дзейнасці і шляхі яго ўваходжання ў інш. віды дзейнасці; суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, перадумовы і крытэрыі сапраўднасці ведаў, суадносіны паміж ісціннасцю і памылковасцю апошніх.

Гісторыя гнасеалогіі фактычна пачынаецца з пытання аб тым, што такое веды, чым яны забяспечваюцца (пачуццямі ці розумам). Платон сцвярджаў, што сапраўдныя веды маюць агульнаабавязковы характар, г. зн. не залежаць ад індывід. асаблівасцей суб’екта. Арыстоцель абгрунтоўваў тэзіс пра адзінства ведаў і прадмета пазнання, пра лагічную структуру пазнавальнага працэсу. У 17—18 ст. Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, Д.Дзідро і інш. раскрылі вял. ролю навук. метадаў, своеасаблівасць спалучэння пачуццёвых і рацыянальных момантаў у пазнавальным працэсе, суадносіны з рэчаіснасцю. Прадстаўнікі ням. класічнай філасофіі 19 ст. (І.Кант, Г.Гегель і інш.) абгрунтавалі неабходнасць пераадолення разрыву паміж гнасеалагічнай і анталагічнай праблематыкай, дыялектычнае адзінства эмпірычнага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, наяўнасць узаемапераходаў гэтых катэгорый, узаемасувязь тэарэт. і практычнага розуму. Марксісцкая гнасеалогія асабліва падкрэслівала дзейсную прыроду пазнання, ролю практыкі як асновы і крытэрыю сапраўднасці ведаў, значэнне пазнання ў перабудове навакольнага асяроддзя, перш за ўсё сац. рэчаіснасці. Філас. фенаменалогія (Э.Гусерль і інш.) лічыць, што найб. фундаментальнай характарыстыкай пазнавальнага працэсу з’яўляецца інтэнцыяльнасць — скіраванасць свядомасці на прадмет пазнання. У сярэдзіне і канцы 20 ст. прадстаўнікі аналітычнай філасофіі (Б.Расел, Дж.Мур, Р.Карнап, Л.Вітгенштэйн, К.Попер і інш.) прааналізавалі месца і ролю знакава-сімвалічных сродкаў навук. мыслення, спосабы верыфікацыі навук. ведаў.

У апошнія дзесяцігоддзі гнасеалогія надае ўсё большае значэнне распрацоўцы агульнаметадалагічных праблем развіцця навукі, яе сац. прыроды. Даследаванні праведзеныя ў Беларусі (Я.Бабосаў, Г.Несвятайлаў, В.Русецкая і інш.) паказалі, што перспектывы развіцця гнасеалогіі шмат у чым абумоўлены сац. сітуацыяй, назапашваннем ведаў.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Гносеология в системе философского мировоззрения. М., 1983;

Познавательные действия в современной науке. Мн., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985.

Я.М.Бабосаў.

т. 5, с. 312

ГНАСТЫЦЫ́ЗМ

(ад грэч. gnōstikos пазнавальны),

агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх. ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст. Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.

т. 5, с. 313

ГНАЦЮ́К Дзмітрый Міхайлавіч

(н. 28.3.1925, с. Навасёлка Чарнавіцкай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон), рэжысёр. Нар. арт. СССР (1960). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў кіеўскія кансерваторыю (1951), ін-т тэатр. мастацтва (1975). З 1982 выкладае ў Кіеўскай кансерваторыі (праф. з 1987). З 1951 саліст, з 1988 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Астап, Мікола, Эней («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка», «Энеіда» М.Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.Майбарады), Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Паставіў спектаклі: «Князь Ігар» А.Барадзіна (1974), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1977), «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1980) і інш. Здымаўся ў кіно. Прэмія Ленінскага камсамола 1967. Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 5, с. 313

ГНАЦЮ́К Уладзімір Міхайлавіч

(9.5.1871, в. Веляснёў Цярнопальскай вобл., Украіна — 6.10.1926),

украінскі фалькларыст, этнограф. Акад. АН Украіны (1924), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Скончыў Львоўскі ун-т (1898). З 1898 — сакратар Навуковага т-ва імя Шаўчэнкі. Адзін з рэдактараў «Літературно-наукового вістника», «Етнографічного збірника» і інш. Выступаў з публікацыямі па мовазнаўстве, дыялекталогіі, літаратуразнаўстве, гісторыі матэрыяльнай культуры. Прыхільнік параўнальна-гіст. метаду ў фалькларыстыцы. Пачынальнік сістэматызаванага выдання фалькл. і этнагр. матэрыялаў, у т. л. фалькл. зб-каў «Галіцка-рускія анекдоты» (1899), «Галіцка-рускія народныя легенды» (т. 1—2, 1902—03), «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07), «Калядкі і шчадроўкі» (т. 1—2, 1914), «Украінскія народныя байкі» (т. 1—2, 1916) і інш. Аўтар даследавання «Этнаграфічныя матэрыялы з Угорскай Русі» (т. 1—6, 1897—1911), рэцэнзій на працы С.Малевіча, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, прысвечаных бел. фальклору і этнаграфіі, на кнігу Я.Ф.Карскага «Беларусы» (1905).

Тв.:

: Вибрані статті про народну творчість. Київ, 1966.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 313

ГНАЯВІ́К,

чарнільны грыб, благушка (Coprinus), род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (С. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (С. atramentarica), гнаявік шэры (С. cinereus), гнаявік дамавы (С. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.

Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.

т. 5, с. 313