ГНЕ́ДЗІЧ Мікалай Іванавіч
(13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва «Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.Шылера, Вальтэра, У.Шэкспіра.
Тв.:
Стихотворения. Поэмы. М., 1984.
т. 5, с. 313
ГНЕЗДАВА́ННЕ птушак, перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудова гнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;
Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.
т. 5, с. 313
ГНЕ́ЗНА
(Gniezno),
горад на З Польшчы, у Пазнанскім ваяводстве. Каля 100 тыс. ж. (1994). Прам-сць: гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд., швейная. Тэатр. Музей Пачаткаў Польскай дзяржавы. Арх. помнікі: гатычныя касцёлы — Дзевы Марыі (каля 1342—1415; ад дараманскага касцёла 10 ст. і раманскага касцёла 11 ст. захаваліся керамічныя пліткі падлогі, «Гнезненскія дзверы», бронза, каля 1170), св. Яна (14 ст., фрэскі 1340—60), касцёл і кляштар францысканцаў (13 ст., перабудаваны ў 17—18 ст.).
Гнезна ўзнікла ў канцы 8 ст. У 10 ст. сталіца стараж. польскай дзяржавы Пястаў, значны рамесніцкі цэнтр, вёў гандаль з араб. Усходам, падтрымліваў гандл. сувязі з Кіевам. З 1000 сталіца архіепіскапства, месца каранацыі (да 14 ст.) польск. каралёў. Гар. правы атрымала да 1243. З 1793—1918 у складзе Прусіі (у 1807—15 уваходзіла ў Варшаўскае герцагства). Адзін з гал. цэнтраў велікапольскага паўстання 1918—19.
Літ.:
Dzieje Yniezna. Warszawa, 1965.
т. 5, с. 313
ГНЕ́ЗНА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 9 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 92 км ад Гродна. 509 ж., 183 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. У 1866—67 дзейнічала Гнезнаўская суконная мануфактура, Помнікі архітэктуры — Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела (16—19 ст.), сядзіба (2-я пал. 19 ст.).
т. 5, с. 314
ГНЕ́ЗНАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1866—67 у маёнтку Гнезна Ваўкавыскага пав. (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1867 працавалі 62 чал., выраблена сукнаў на 60,1 тыс. руб.
т. 5, с. 314
ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,
помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудавананы каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.
А.А.Ярашэвіч.
т. 5, с. 314
ГНЕ́ЙЗЕНАЎ
(Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),
прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.
т. 5, с. 314
ГНЕЙС
(ням. Gneis),
горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры метамарфізме магматычных (ортагнейсы) або асадкавых (парагнейсы) парод, паводле саставу блізкая да гранітаў. Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінералаў (біятыт, рагавая падманка, піраксен). Прымесі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, светла-ружовы. Шчыльн. 2500—2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найб. стараж. участкаў зямной кары. На Беларусі разам з інш. пародамі складаюць дакембрыйскі крышт. фундамент. Прыдатныя на выраб друзу, тратуарных пліт, як абліцовачны камень.
т. 5, с. 314