Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ГНЯВА́Ш», «Гнеўка», «Загневаны»,

бел. нар. танец. Муз. памер 38. Тэмп павольны. Выканаўцы (дзяўчына і хлопец) у тэатралізаванай форме паказваюць сварку і прымірэнне закаханых, часта ў суправаджэнні песні («Дзяўчына мая заручоная, чаго так ходзіш засмучоная...»). Больш пашыраны ў зах. абласцях Беларусі. На Магілёўшчыне бытаваў варыянт «Гняваша», які выконвалі толькі мужчыны.

Літ.:

Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / Сост. И.​К.​Зданович. М., 1931.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 317

ГНЯЗДО́ЎКА (Nidularia),

род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў сям. гняздоўкавых. Вядома каля 30 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі — гняздоўка запоўненая (N. farcta). Сапратроф. Расце групамі ў лясах, парках, садах на адмерлай драўніне, зрэдку на глебе. Пладаносіць у ліп.—кастрычніку.

Пладовыя целы дыяметрам 0,5—0,7 см, няроўнашарападобныя, прыплясканыя, сядзячыя, з шырокай асновай, унутры з круглаватымі цельцамі (у іх развіваюцца базідыі са спорамі), адкрываюцца зверху шчылінай. Абалонка таўстасценная, часта лямцаватая, звонку напачатку белаватая, потым карычневая, унутры гладкая, бліскучая. Споры кароткаэліпсоідныя, гладкія, бясколерныя.

Гняздоўка запоўненая: 1 — вонкавы выгляд пладовага цела; 2 — пладовае цела ў разрэзе.

т. 5, с. 317

ГНЯЗДО́ЎНІК (Neottia),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.

Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гняздоўнік звычайны.

т. 5, с. 317