ГНАЯВІ́К,

чарнільны грыб, благушка (Coprinus), род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (С. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (С. atramentarica), гнаявік шэры (С. cinereus), гнаявік дамавы (С. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.

Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)