Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«НАШ КРАЙ»,

грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 26.2(10.3).1912 да 13(26).7.1914 у Брэсце штодзённа, з 1913—2 разы на тыдзень на рус. мове. Асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, крытыкавала палітыку царызму, губ. ўлады, чарнасоценныя арг-цыі, вяла палеміку з газ. «Северо-Западная жизнь». Друкавала творы мясц. аўтараў, творы Л.​Талстога, І.​Тургенева, А.​Купрына, А.​Серафімовіча, А.​Аверчанкі, Г.​Апалінэра, О.​Уайльда, М.​Твэна і інш. Прапагандавала рэаліст. традыцыі і наватарскія тэндэнцыі ў л-ры, станоўча ацэньвала творчасць К.​Бальмонта, А.​Герцэна, Л.​Андрэева, Дз.​Маміна-Сібірака, У.​Гаршына, Р.​Скаварады, Т.​Шаўчэнкі, жывапіс І.​Рэпіна, публіцыстыку М.​К.​Міхайлоўскага, абараняла ад нападак крытыкі М.​Арцыбашава. На рэдакцыю «Н.к.» накладваліся адм. спагнанні, супраць яе вяліся суд. праследаванні.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 246

«НАШ СОВРЕМЕ́ННИК»,

літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1964 у Маскве на рус. мове штомесячна. Узнік як працяг альманаха «Год...», засн. М.​Горкім у 1933, і альманаха «Наш современник» (1956—63). Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Памяць», «Нарыс і публіцыстыка», «Крытыка», «Кніжны развал», «Слова чытача», «Дзённік сучасніка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Выступае за адзінства ўсх,слав. народаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы па праблемах жывапісу, мемуарыстыкі, кінематографа і інш. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны творы Ф.​Абрамава, Ю.​Бондарава, В.​Бялова, С.​Вікулава, К.​Ваншэнкіна, Г.​Гарбоўскага, Г.​Гусева, Ю.​Кузняцова, У.​Лічуціна, І.​Ляпіна, Ю.​Нагібіна, В.​Пікуля, П.​Праскурына, А.​Праханава, А.​Прыстаўкіна, В.​Распуціна, М.​Рубцова, У.​Салаухіна, В.​Сарокіна, М.​Трапкіна, У.​Цендракова, М.​Шатрова, В.​Шукшына, А.​Яшына і інш. Друкуе творы бел. пісьменнікаў (У.​Глушакова, В.​Лукшы, І.​Навуменкі, Г.​Пашкова, А.​Савіцкага, Э.​Скобелева, І.​Шамякіна і інш.). Апублікаваў водгук А.​Пушкіна на выдадзены ў 1835 «Збор твораў Георгія Каніскага, Архіепіскапа Беларускага» з прадмовай В.​Кожынава «Паэт і праблема адзінства беларусаў, рускіх і ўкраінцаў». Беларусі прысвечаны спец. выпуск (1997, №1). Гал. рэдактары: В.​Палтарацкі (з 1956), Б.​Зубавін (з 1958), Вікулаў (з 1968), С.​Куняеў (з 1989).

А.​В.​Спрынчан.

т. 11, с. 246

«НАШ СЦЯГ»,

назва газеты «Вольны сцяг» за 5.6—12.8.1923.

т. 11, с. 246

«НАШ ШЛЯХ»,

грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.​Туронак, Л.​Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.​Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.​Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.​Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.​Маркотнага (Ф.​Пяткевіча), М.М. (М.​Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.​Арсенневай, З.​Верас, І.​Дварчаніна, Г.​Леўчыка, апавяданні Л.​Леўскага, А.​Пакуцкага і інш.

А.​В.​Вабішчэвіч, А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

НАЯ́ДА (Najas),

род кветкавых раслін сям. наядавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль усюды ў азёрах, старыцах, ліманах, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі 2 віды Н.: вялікая (N. major) і марская (N. marina), занесеныя ў Чырв. кнігу. Аб’ект вывучэння біялогіі цвіцення і апылення падводных раслін. Паводле выкапнёвых рэшткаў Н. вызначаюць узрост геал. адкладаў. У акварыумах вырошчваюць таксама Н. каралеўскую, або Кінга (N. kingii), і грабеньчатую (N. pectinata).

Аднагадовыя, апушчаныя ў ваду травы з разгалінаваным ломкім сцяблом даўж. 8—60 см. Лісце лінейнае, у несапраўдных кальчаках. Кветкі дробныя, аднаполыя, адзіночныя. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Наяда вялікая.

т. 11, с. 249

НАЯ́ДА,

лічынка насякомых, гл. ў арт. Німфа.

т. 11, с. 249

НАЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы, багіні, якія жывуць у крыніцах і ручаях, з’яўляюцца іх захавальніцамі і валодаюць дабрадзейнымі функцыямі. Верагодна, адносіліся да нашчадкаў бога Акіяна і яго жонкі Тэфіды. Лічылася, што Н. каля 3 тыс. У слав. міфалогіі ім адпавядаюць русалкі.

т. 11, с. 249

«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,

«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.​Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.

Літ.:

Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.

У.​М.​Свяжынскі.

т. 11, с. 86

«НА ВА́РЦЕ»,

газета бел. рабоча-сялянскага пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася ў сак.крас. 1930 у Варшаве на бел. мове. Змяшчала матэрыялы пра цяжкае становішча працоўных Зах. Беларусі, заклікала рабочых і сялян да барацьбы за сац. і нац. вызваленне. 2 нумары канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

т. 11, с. 86

«НА СТРА́ЖЕ»,

газета, орган Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з ліст. 1931 у Мінску на бел. і рус. мовах 2—3 разы на тыдзень. Асвятляе дзейнасць органаў унутр. спраў, пракуратуры, судоў і інш. праваахоўных структур. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Крымінальны вышук інфармуе», «Знайсці чалавека», «Азбука бяспекі» і інш.

т. 11, с. 86