Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., каля аўтадарогі г. Паставы — г.п. Варапаева. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Паставы, 260 км ад Віцебска. 862 ж., 297 двароў (1999). Сярэдняя і муз. школы, танц. зала, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 11, с. 102

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе, што злучае вёску з г. Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км на Пн ад г. Петрыкаў, 195 км ад Гомеля, 34 км ад чыг. ст. Муляраўка. 1410 ж., 567 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым».

т. 11, с. 102

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Цітаўка, каля аўтадарогі Мар’іна Горка—Узда. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка і ад чыг. ст. Пухавічы, 65 км ад Мінска. 675 ж., 248 двароў (1999). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Абеліск на брацкай магіле сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 102

НАВА́ТАР (ад лац. novator абнаўляльнік, вынаходнік),

стваральнік новага, прагрэсіўнага ў любой галіне дзейнасці. Садзейнічае паскарэнню навук.-тэхн. прагрэсу, сац.-эканам. развіццю. Наватарства — рыса творчай асобы, звязаная з пачуццём новага, пошукам шляхоў павышэння прадукцыйнасці працы, вынаходніцтвам і рацыяналізацыяй.

т. 11, с. 102

НАВА́ТАРСТВА,

гл. ў арт. Традыцыі і наватарства.

т. 11, с. 103

НАВАТРО́ІЦК,

горад (з 1945) у Арэнбургскай вобл. Расіі, на р. Урал. 110,5 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Буйны цэнтр чорнай металургіі Паўд. Урала. Прам-сць: хім. (з-д хромавых злучэнняў), харч., вытв-сць буд. матэрыялаў; металургічны камбінат. Музей.

т. 11, с. 103

НАВАХА́ЦКАЯ (Лідзія Сцяпанаўна) (1893—?),

бел. актрыса. Працавала ў «Бел. савецкім т-ры» (1918), Першым т-ве бел. драмы і камедыі (1919). З 1920 у БДТ (дакладна вядома пра яе ўдзел у спектаклях да 1930). Выконвала гераічныя і характарныя ролі. Сярод роляў: Паўлінка (аднайм. п’еса Я.​Купалы), Марыся («Ганка» У.​Галубка), пані Зубкоўская («Панскі гайдук» Н.​Бываеўскага), Кавецкая («Над Нёманам» М.​Грамыкі), Параска («На Купалле» М.​Чарота), Малання, Домна, Наста («Кар’ера таварыша Брызгаліна», «Перамога», «Запяюць верацёны» Е.​Міровіча), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ляксандра («Мост» Я.​Рамановіча) і інш.

т. 11, с. 103

НАВА́ХІ, наваха,

племя паўн.-амер. індзейцаў. Разам з племем апачы складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым лясныя паляўнічыя. У 14 — канцы 15 ст. мігрыравалі на Пн сучаснага штата Нью-Мексіка, займаліся земляробствам, з 18 ст. — жывёлагадоўляй. Супраціўляліся еўрап. каланізацыі. Пасля задушэння іх узбр. выступленняў у 1846—67 каля 9 тыс. Н. прымусова пераселена ў рэзервацыю Баск-Рэдан. У 1868 на мяжы штатаў Арызона і Нью-Мексіка створана рэзервацыя (сучасная тэрыторыя 60 тыс. км5). Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Нью-Мексіка, Юта (219,2 тыс. чал., 1998). Мова — наваха (гавораць на ёй 62%), выцясняецца англійскай. Большасць Н. хрысціяне розных кірункаў.

т. 11, с. 103

НАВАХРО́СТ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 18.9.1951, в. Навахросты Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Я.Глебава). Працуе пераважна ў галіне інстр. музыкі. Лірыка-філас. вобразнасцю адметныя кантаты «Званы» на словы Р.​Барадуліна (1983), «Усход сонца» на вершы Я.​Коласа (1986), араторыя «210 крокаў» на словы Р.​Раждзественскага (1987), сімфонія паводле паэмы «Сцяна» Б.​Марцінкявічуса (1984). У кампазіцыйнай тэхніцы арыентуецца на гукавую каларыстычнасць, у т. л. звязаную з бел. нар. музыкай. З інш. твораў: Adagio для голасу, аргана і аркестра (1991), сімф. карціна «Чучала Марэна» (1982), канцэрт для стр. аркестра (1988), канцэрціна (1985, 1995), «Музыка для габоя, фартэпіяна і струнных» (1986), сюіта для флейты і аргана (1988), квінтэт для духавых інструментаў (1983), музыка для аркестра нар. інструментаў, п’есы для фп., хары, рамансы, апрацоўкі нар. песень.

Т.​А.​Дубкова.

т. 11, с. 103

НАВА́ЦЫЯ (ад лац. novatio абнаўленне, змяненне),

1) у цывільным праве адзін са спосабаў спынення абавязацельстваў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь абавязацельства спыняецца пагадненнем бакоў, у прыватнасці дамоўленасцю пра замену аднаго абавязацельства другім паміж тымі ж асобамі.

2) Нешта новае, навіна, новаўвядзенне.

т. 11, с. 103