Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, У.​Буднік, Ю.​Семяняка, С.​Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;

Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.​Кірэенкі. Мн., 1986.

М.​П.​Кенька.

К.Кірэенка.

т. 8, с. 289

КІРЭ́ЕЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 6.1.1942, в. Сушчоўская Слабодка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта. Сярод твораў: «Зімовы пейзаж» (1965), «Сям’я» (1970), «Кветкі маёй Радзімы» (1978), трыпціх «Доўгі дзень» (1981), «У Купалаўскім краі», «Прысвячэнне Я.​Коласу», «Чавускае лета» (усе 1982), «Свята ў Заслаўі» (1983), «Напрадвесні» (1986), «Чорныя дразды», серыя «Туманы» (абедзве 1987), «Ядвіга» (1988), «Спакуса» (1991), «Сон...» («Дурніцы»), «Песня», «Гронка вінаграду», «Госця» (усе 1998). Аўтар партрэтаў мастакоў Л.​Шчамялёва (1978), М.​Селешчука, паэта А.​Русака (абодва 1983) і інш. Творчасці К. ўласцівы каларыстычная экспрэсіўнасць, тонкае колеравае і рытмічнае ўспрыняцце рэчаіснасці, асацыятыўнасць.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Кірэеў. Трыпціх «Доўгі дзень». 1981.

т. 8, с. 289

КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),

расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.​Шлеермахера, Г.​Гегеля, Ф.​В.​Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус. правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.

Тв.:

Критика и эстетика. М., 1979;

Избр. статьи. М., 1984.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 290

КІРЭ́ЕЎСКІ (Пётр Васілевіч) (23.2.1808, в. Долбіна Сувораўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 6.11.1856),

расійскі фалькларыст, археограф. Брат І.В.Кірэеўскага. З 1840-х г. адзін з прадстаўнікоў славянафільства. У аснове яго фальк. канцэпцыі ідэі агульнаслав. народазнаўства З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. З 1830 збіраў фальклор (сабраў тысячы нар. песень, пераважна з цэнтр. губерняў Расіі); сярод яго карэспандэнтаў А.​Пушкін, М.​Гогаль, А.​Кальцоў, М.​Языкаў, У.​І.​Даль і інш. У 1830-я г. наведаў Беларусь, ад мясц. збіральнікаў атрымаў больш за 800 тэкстаў бел. нар. песень і прыпевак, пераважна з Мінскай губ. У 1848 выдаў духоўныя вершы «Рускія народныя песні», сярод якіх ёсць беларускія. Бел. матэрыялы (валачобныя, купальскія, жніўныя, калядныя і інш. песні, прыпеўкі да танцаў, скакухі з ваколіц Слуцка, Мінска, Барысава, Івянца, Талачына) склалі т.зв. «Беларускі архіў» К., частку якога П.​А.​Бяссонаў уключыў у свае зб-кі «Дзіцячыя песні» (1868) і «Беларускія песні» (1871). Бел. рукапісныя матэрыялы К. ў Гіст. музеі і Цэнтр. архіве л-ры і мастацтва ў Маскве.

Літ.:

Соймонов А.Д. П.​В.​Киреевский и его собрание народных песен. Л., 1971.

т. 8, с. 290

КІРЭ́ЙЧЫК (Іван Аляксандравіч) (19.3.1935, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.2.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у друку на Брэстчыне, на Бел. радыё, Гомельскай абл. студыі тэлебачання, у газ. «Чырвоная змена», «Гомельская праўда». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў нарысаў і апавяданняў «Багацце душы — людзям» (1966), «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу» (абодва 1969), «Калінавая квецень» (1984); кніг паэзіі «Аснова» (1977), «З маіх крыніц» (1994). Творы прасякнуты публіцыстычным грамадз. пафасам, шчырасцю пачуццяў. Запісаў і літаратурна апрацаваў кнігі партызан Р.​Лазабеева «Лясныя пабрацімы» (1972) и М.​Качана «Апалены ранак» (1994).

т. 8, с. 290

КІРЭ́НА (грэч. Kyrēnē),

старажытны горад у Паўн. Афрыцы (цяпер г. Шахат, Лівія). Засн. каля 630 да н.э. грэч. каланістамі з в-ва Фера. Да 460 да н.э. правіла царская дынастыя, потым усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. Каля 331 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, з 322 у складзе дзяржавы Пталамеяў, з 96 да н.э. пад уладай Рыма. Адзін з гандл. і культ. цэнтраў антычнасці. Пасля ліквідацыі паўстання іудзеяў (117 н.э.) заняпала. У 7 ст. зруйнавана арабамі. У выніку археал. раскопак (вядуцца з пач. 20 ст.) адкрыты рэшткі ант. помнікаў: комплексаў акропаля, Капітолія, Цэзарэума і Агары; храмаў Апалона (канец 7 ст. да н.э.), Артэміды (6 ст. да н.э.), вялікіх і малых тэрмаў (1—2 ст.), тэатра, а таксама каменная скульптура, керамічныя вырабы і інш. У К. нарадзіўся стараж.-грэч. філосаф Арыстып.

т. 8, с. 290

КІРЭНА́ІКА,

гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс. км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн. грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.

т. 8, с. 290

КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,

філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К. ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 290

КІР’Я́НАЎ (Барыс Іванавіч) (н. 21.7.1947, г. Гомель),

бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 хормайстар, з 1995 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Аўтар харавых аранжыровак арыг. песень бел. і рас. кампазітараў (у т. л. «Маша-Маруся», «Наш медсанбат» І.​Лучанка, «Армія мая», «Шчыт айчыны агнявы» Э.​Ханка, «Страявая паходная» А.​Чыркуна), бел. і рус. нар. песень.

т. 8, с. 290

КІР II Вялікі

(? — 530 да н.э.),

першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).

т. 8, с. 275