ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Спартак» Р.Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.Бічэр-Стоу, раманы Ж.Верна, «Авадзень» Э.Л.Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.Перо, братоў Я. і В.Грым, Х.К.Андэрсена, А.Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.Ф.Купера, творы К.Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.Коласа і інш.
Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.Яршова, многія творы М.Лермантава, М.Някрасава, М.Гогаля, У.Караленкі, А.Чэхава. Л.Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж. Радары, польск. педагога Я.Корчака і інш.
Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, Л. і С.Зізаніяў, Л. і К.Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909), п’еса-казка К.Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.Багдановіча, З.Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.Дубоўка, С.Шушкевіч, А.Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.Трус, А.Гурло, Я.Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Насцечка» К.Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.Танка, А.Куляшова, П.Броўкі, П.Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.Бялевіча, Э.Агняцвет і інш., у аповесцях П.Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.Пальчэўскага, Х.Жычкі, Я.Курто, Л.Прокшы, Д.Слаўковіча, І.Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.Вольскага, У.Караткевіча, Я.Пархуты, А.Клышкі, У.Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.Бандарына, С.Александровіч, Л.Арабей, В.Хомчанка, А.Лойка), прыгодніцкая (У.Краўчанка, М.Ваданосаў, А.Шашкоў, А.Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.Гамолкі, Р.Баравіковай, У.Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.Грамовіча, Кавалёва, П.Рунца, Хомчанкі, У.Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.Кобец-Філімонавай, К.Каліны, Місько, У.Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.Гілевіча «Загадкі»; Е.Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, Н.Галіноўскай, У.Карызны, Т.Кляшторнай, М.Маляўкі, П.Сушко, М.Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.Дзеружынскага, І.Муравейкі, С.Грахоўскага, П.Пранузы, В.Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.Зуёнка, «Гуканне вясны» В.Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.Макаль, працуюць А.Вольскі, А.Вярцінскі, А.Махнач, Ягоўдзік і інш.
Літ.:
Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;
Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;
Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.
М.Б.Яфімава.
т. 6, с. 119