Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАМКРА́Т (галанд. dommekracht),

пераносны, перасоўны або стацыянарны механізм для пад’ёму грузаў на невялікую (звычайна да 2 м) вышыню. Бываюць рэечныя (рычажныя і зубчастыя), вінтавыя, гідраўлічныя і пнеўматычныя, ручныя і маторныя. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да соцень тон. Выкарыстоўваюцца пры будаўніча-мантажных, рамонтных і пагрузачна-разгрузачных работах, на аўтамаб. і чыг. транспарце. Магутнымі Д. можна падняць цэлае збудаванне на вышыню ў некалькі метраў.

Тыпы дамкратаў: 1 — вінтавы на палазах; 2, 5 — гідраўлічныя бесперапыннага дзеяння; 3 — гідраўлічны; 4 — рэечны з зубчастай перадачай; 6 — рычажна-рэечны; 7 — вінтавы; 8 — паравозны.

т. 6, с. 34

ДАМО́ДАР,

рака ў Індыі, у штатах Біхар і Зах. Бенгалія. Даўж. 580 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца на плато Чхота-Нагпур, сярэдняе і ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне, упадае ў рукаў дэльты р. Ганг—Хуглі. Гал. прыток — р. Баракар (левы). Сярэдні расход вады 330 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У бас. Д. — ГЭС, вадасховішча, арашальныя каналы.

т. 6, с. 35

«ДАМО́КЛАЎ МЕЧ»,

выраз, які абазначае пастаянную небяспеку. Паводле стараж.-грэч. падання, Дамокл, фаварыт сіракузскага тырана Дыянісія I Старэйшага, лісліва называў яго самым шчаслівым з людзей. Каб паказаць нетрываласць свайго шчасця, Дыянісій у час святочнага балявання пасадзіў Дамокла на сваё месца і павесіў над яго галавой на конскім воласе востры меч — сімвал небяспекі.

т. 6, с. 35

ДА́МПІР ((Dampier) Уільям) (8.6.1652, Іст-Кокер, Вялікабрытанія — сак. 1715),

англійскі мараплавец, пірат. Здзейсніў 3 кругасветныя плаванні. Некалькі гадоў правёў на в-ве Тарцю (на Пн ад Гаіці) у Вест-Індыі (гал. база піратаў у Атлантыцы), удзельнічаў у рабаванні ісп. гарадоў і паселішчаў на берагах Амерыкі. Плаваў да берагоў паўн.-зах. Аўстраліі, дзе адкрыў шмат невял. астравоў, у т.л. архіпелаг Дампір. Склаў апісанне і карты для паўд. раёнаў Ціхага ак. На аснове сваіх дзённікаў напісаў шэраг кніг, у якіх прывёў звесткі пра велічыні магн. нахілу ў розных пунктах Сусветнага ак., салёнасці марскіх вод, сувязі паміж пануючымі цячэннямі і вятрамі. Яго імем названы п-аў Дампіра Зямля у Аўстраліі, некалькі астравоў і праліваў у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і ў Малайскім архіпелагу.

т. 6, с. 35