Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАДЗЯ́НКА,

рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Канцавая станцыя чыг. веткі ад лініі Мінск—Асіповічы. За 45 км ад Асіповіч. 700 ж. (1997).

Пасёлак узнік у пач. 20 ст. ў сувязі з лесанарыхтоўкай і апрацоўкай драўніны. Паводле перапісу 1917, у Градзянцы 359 ж., 67 двароў, на чыг. станцыі 35 ж., 10 двароў. Дзейнічалі лесапільны з-д, кравецкая арцель. З 1924 у Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. У 1926—54 цэнтр сельсавета, з 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1940 у Градзянцы 800 ж., 260 двароў. У Вял. Айч. вайну з канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю спалілі пасёлак, загубілі 350 ж. У 1962—65 у Бабруйскім р-не. У 1969 — 1300 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы мясц. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 386

ГРАДО́ЎСКІ Аляксандр Дзмітрыевіч

(25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),

расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. СПб., 1899—1904;

Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;

Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;

Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.

В.В.Краснова.

т. 5, с. 386

ГРА́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Чорнае возера, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вузлянка, за 18 км на Пд ад г.п. Мядзел, у межах гідралаг. заказніка Чарэмшыца. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма шыр. да 500 м, нізкая, забалочаная, з сеткай меліярац. каналаў.

т. 5, с. 386

ГРАДУІРО́ЎКА (ням. graduieren ад лац. gradus крок, ступень) сродкаў вымярэнняў, вызначэнне і нанясенне ў маштабе асн. (апорных) пунктаў для пабудовы шкалы адліку ў вымяральных прыладах і мерных прыстасаваннях. Робіцца параўнаннем паказанняў прылады, якая градуіруецца, з паказаннямі эталоннай (узорнай) прылады.

т. 5, с. 386

ГРА́ДУС

(ад лац. gradus крок, ступень),

пазасістэмная адзінка вымярэння плоскага вугла (вуглавы градус), роўная 1/90 прамога вугла. Абазначаецца °; дзеліцца на 60 мінут (60′) або 3600 секунд (3600″), 1° = 60′ = 3600″. Прамы вугал складае 90°, разгорнуты — 180°. Выкарыстоўваецца таксама для вымярэння дуг акружнасцей (разам з радыянам; поўная акружнасць роўная 360°).

2) Градус тэмпературны — агульная назва адзінак т-ры, што адпавядаюць розным тэмпературным шкалам. Адрозніваюць градусы шкалы Кельвіна (кельвін; К), градус Цэльсія (°C), градус Рэамюра (°R), градус Фарэнгейта (°F), градус Ранкіна (°Ra). 1 К = 1 °C = 0,8 °R = 1,8 °F = 1,8 °Ra.

3) У геадэзіі і астраноміі — адзінкі геадэзічнай даўгаты (двухгранны вугал паміж плоскасцямі 2 геадэзічных мерыдыянаў) і геадэзічнай шыраты (вугал у плоскасці мерыдыяна паміж 2 нармалямі да паверхні геоіда.

4) У розных галінах метралогіі — адзінка колькасці спірту ў растворах, таксама адзінкі жорсткасці вады, канцэнтрацыі солей, сернай к-ты (градус Баме), вязкасці вадкасці ў адносінах да вязкасці вады пры 20 °C (градус Энглера) і інш.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 386

ГРА́ДУСНАЯ СЕ́ТКА ЗЯМЛІ́,

сістэма геагр. мерыдыянаў і паралелей, нанесеных на адлюстраванне зямной паверхні ў выглядзе картаў і глобусаў. Выкарыстоўваецца для вызначэння геагр. каардынат зямной паверхні, а таксама вуглоў арыентавання (азімутаў і румбаў) і адлегласцей. Кожнаму мерыдыяну адпавядае свая даўгата (L), а паралелішырата (B). Азімут напрамку па мерыдыяне роўны нулю, па паралелі адпаведна — 90° і 270°. Градусная сетка наносіцца праз інтэрвалы: некалькі градусаў 1°; 30′; 10′; 1′. Для Беларусі геагр. сетка абмежавана даўготамі Lз = 23°1103″; Lу, = 32°4536″ і шыротамі Bпд = 51°1535″; Bпн = 56°1022″. У межах Беларусі адной мінуце адпавядае на плоскасці ў праекцыі Гаўса—Кругера: па шыраце на Пн 1034,4 м, на Пд 1164,3 м; па даўгаце на Пн 1855,6 м, на Пд 1855,2 м. Гарызантальная праекцыя ліній на фіз. паверхні Зямлі будзе карацей за прыведзеныя на велічыню ΔS = y2m 2R2m , дзе ym — сярэдняя ардыната лініі (сярэдняя адлегласць ад асявога мерыдыяна 6-градуснай каардынатнай зоны), Rm — сярэдні радыус Зямлі (6371,11 км).

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 386

ГРА́ДУСНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

сукупнасць астранамічных геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні для вызначэння параметраў фігуры Зямлі і вырашэння навук. задач. Іх сутнасць — вылічэнне радыуса Зямлі заключаецца ў прамым ці ўскосным вызначэнні адлегласці SAB і адначасовым вымярэнні вуглоў Z1 і Z2 на вельмі аддаленую зорку, для якой AN||BN. Пры гэтым ΔY=Y2-Y1 = Z2-Z1 і R = S:ΔY, дзе ΔY — у радыянах. З прычыны сплюшчанасці Зямлі велічыні S, што адпавядаюць аднолькавым ΔY, змяншаюцца ў напрамку ад экватара да полюсаў. На гэтым засн. вылічэнне змяненняў R ад a да b. Градусня вымярэнні зроблены александрыйскім вучоным Эратасфенам у 3 ст. да н.э. паміж Александрыяй і Сіенай (Асуан). Адлегласць ён вылічыў па звестках пра рух караванаў, розніцу даўгот (7°22″) па памерах сонечнага ценю шаста. Паводле разлікаў R = 6844 км (цяпер 6371,11 км). Градусныя вымярэнні выконваліся з выкарыстаннем метаду трыянгуляцыі і паліганаметрыі пры ўскосным вымярэнні SAB. У Расіі градусныя вымярэнні выкананы ў 1816—52 пад кіраўніцтвам В.Я.Струвэ і К.І.Тэнера па т.зв. дузе Струвэ ад Фугленеса (Ледавіты ак.) да Стара-Някрасаўскі (вусце Дуная); яна прайшла праз зах. раёны Беларусі. У шыротным напрамку (дуга 52-й паралелі: Зах. Еўропа — Усх. Прусія — Варшава — Арол — Ліпецк — Саратаў — Арэнбург — Орск). Градусныя вымярэнні ў Беларусі прайшлі праз Гродна і Бабруйск. Па сукупнасці градусныя вымярэнні розных краін у 1940 у СССР завершаны разлікі, паводле якіх а = 6378245 м, b = 6356863 м, прынятыя і на Беларусі.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 387

ГРА́ДУС РА́НКІНА,

адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы. Абазначаецца °Ra. Роўны градусу Фарэнгейта. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: абсалютны нуль (0 °Ra) і т-ра трайнога пункта вады (491,688 °Ra). Прапанаваны шатл. фізікам У.Дж.Ранкінам. Выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр., у ЗША, дзе вымяраюць т-ру па шкале Фарэнгейта. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

ГРА́ДУС РЭАМЮ́РА,

адзінка тэмпературы. Абазначаюцца °R. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (0 °R) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (80 °R). Прапанаваны франц. вучоным Р.А.Рэамюрам у 1730. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

ГРА́ДУС ФАРЭНГЕ́ЙТА,

адзінка тэмпературы. Абазначаецца °F. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (32 °F) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (212 °F). Традыцыйна выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр. у ЗША. Прапанаваны ням. фізікам Д.Г.Фарэнгейтам у 1724. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386