ГРАДЗІ́РНЯ

(ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),

збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.

Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)