НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл. Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.
Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш. арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт. Н к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 218
НАФТЭ́НЫ,
насычаныя аліцыклічныя вуглевадароды, што змяшчаюцца ў нафце. Найважнейшыя — цыклагексан, метылцыклагексан і метылцыклапентан. У нафце ёсць таксама і больш складаныя вуглевадароды, што маюць ад 2 да 5 цыклаў у малекуле — бі- і поліцыклічныя Н.: біцыклаактан, біцыклананан, β-каратан (насычаны β-карацін), адамантан і іх вытворныя, насычаныя вуглевадароды стэроіднага і тэрпеноіднага тыпаў. У прам-сці з бензінавай фракцыі нафты вылучаюць цыклагексан і метылцыклагексан. Гл. таксама Аліцыклічныя злучэнні.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 218
НА́ХА, Нава,
горад і порт у Японіі, на в-ве Акінава. Адм. цэнтр прэфектуры Акінава. 303 тыс. ж. (1991). Гал. эканам. і культ. цэнтр і порт на архіпелагу Рукю. Аэрапорт. Харчасмакавая прам-сць. Рыбалоўства. Ун-т.
т. 11, с. 218
НАХА́БЦАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 16.7.1938, ст. Болшава Мыцішчанскага р-на Маскоўскай вобл.),
расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1961). Лепшыя фільмы зняў з рэжысёрам Э.Разанавым: «Дайце кнігу скаргаў» (1965), «Беражыся аўтамабіля» (1966, абодва з А.Мукасеем), «Зігзаг удачы» (1968), «Службовы раман» (1977), «Гараж» (1980), а таксама тэлефільмы «Іронія лёсу, або З лёгкім парам» (1975), «Пра беднага гусара закіньце слова» (1980). Сярод інш. работ «Гэта салодкае слова — свабода» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), тэлефільмы «Той самы Мюнхгаўзен» (1979), «Формула кахання» (1984), «Маскоўскія канікулы» (1995). Фільмы вылучаюцца тонкім пачуццём стылю, выразнасцю партрэтных характарыстык. Дзярж. прэмія СССР 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
т. 11, с. 218
НАХАРА́РЫ (ад стараж.-іранскага — галава роду),
уладары вял. абласцей Арменіі ў 1-м тыс. н.э. Падзяляліся на старэйшых Н., якія выводзілі сваё паходжанне ад легендарнага прабацькі армян — Хайка, і малодшых Н., якім гэты тытул даваўся царамі. Б.ч. старэйшых Н. загінула ў войнах да 8—9 ст. У далейшым Н. называлі сярэдніх і нават дробных князёў.
т. 11, с. 218
НА́ХАЎ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вытоку р. Віць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПнУ ад г. Калінкавічы, 100 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Нахаў. 514 ж., 192 двары (1999). Піларама, млын. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 11, с. 218
НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),
у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас. літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.Чорнага).
т. 11, с. 218
НАХІЛЕ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,
вугал паміж вектарам напружанасці магнітнага поля Зямлі і плоскасцю гарызонту ў пункце назірання зямной паверхні; адзін з элементаў зямнога магнетызму. Адпавядае вуглу нахілу магн. стрэлкі, якая мае гарызантальную вось вярчэння і знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна магнітнага. Н.м. лічыцца паўночным (дадатным), калі паўн. канец магн. стрэлкі накіраваны ўніз, і паўднёвым (адмоўным), калі накіраваны ўверх. На магн. экватары Н.м. роўнае 0°, на магнітных полюсах ± 90°. На тэр. Беларусі Н.м. дадатнае на Пн каля 70°.
т. 11, с. 218
НАХІ́ЛЬНАЯ да прамой (плоскасці),
прамая, якая перасякае дадзеную прамую (плоскасць) пад вуглом, не роўным прамому.
т. 11, с. 218
НАХІ́Л РАКІ́,
адносіны падзення ракі на якім-н. яе ўчастку да яго даўжыні. Выражаецца ў праміле, радзей у працэнтах. Звычайна Н.р. памяншаецца ад вытоку да вусця; гэта заканамернасць парушаецца пад уплывам рэльефу, характару горных парод і грунтоў, у якіх праходзіць рэчышча. Ад Н.р. залежыць скорасць цячэння ракі. Вызначэнне нахілаў праводзяць на характэрных участках па ўзроўнях вады ў перыяд устойлівай межані. Для ўсёй ракі агульны нахіл знаходзяць шляхам усярэднення нахілаў асобных яе ўчасткаў. У горных рэках ён перавышае 10—20‰, у раўнінных каля 1—2‰; на Беларусі ад 3‰ у асобных малых рэчках на Пн да 0,1‰ У р. Прыпяць.
т. 11, с. 218