Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА МАСТА́ЦТВА ў Парыжы,

адзін з найбуйнейшых у свеце збораў зах.-еўрап. і амер. выяўл. мастацтва 20 ст. Адкрыты ў 1947. Найб. шырока экспануюцца фавізм (А.Матыс, Р.Дзюфі і інш.), кубізм (П.Пікасо, Ж.Брак і інш.), сюррэалізм (С.Далі і інш.), абстракцыянізм (В.Кандзінскі, Р.Дэланэ, А.Манесье, П.Сулаж, Ж.Мацьё, А.Колдэр і інш.), канструктывім (Н.Габа, А.Пеўзнер і інш.), творчасць В.Цадкіна, А.Мадыяні, Ж.Руо і інш. Менш поўна прадстаўлены рэаліст. тэндэнцыі (партрэты Пікасо, пейзажы М.Утрыла, А.Марке, інтэр’еры П.Банара, скульптура А.Маёля, А.Бурдэля, Ш.Дэсп’ё і інш.). Музей размяшчаецца ў адным з будынкаў, узведзеных для Сусв. кірмашу 1937.

т. 11, с. 240

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫ пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,

установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар. навук. канферэнцый, у т.л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук. зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.

Б.Л.Харкевіч.

т. 11, с. 240

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.

т. 11, с. 240

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РЭЖЫ́М,

прынцып, што ўжываецца ў міжнар. дагаворах, паводле якога юрыд. і фіз. асобам адной дагаворнай дзяржавы даюцца на тэрыторыі другой дагаворнай дзяржавы такія ж правы, ільготы і перавагі, што і яго ўласным юрыд. і фіз. асобам. Можа быць устаноўлены ў заканадаўстве асобных дзяржаў. Напр., ветэраны Вял. Айч. вайны карыстаюцца сваімі правамі на тэрыторыі краін СНД, незалежна ад таго, грамадзянамі якой з гэтых краін яны з’яўляюцца.

т. 11, с. 240

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ САВЕ́Т,

назва адпаведных парламентаў у Манака і Славакіі і палат парламентаў Аўстрыі і Швейцарыі.

т. 11, с. 241

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СЕЛЬСАВЕ́Т,

нізавы орган мясцовай дзярж. улады ў СССР у 1920—30-я г., ніжэйшая форма аўтаноміі. Ствараліся ў пунктах, населеных нац. меншасцямі. У БССР у той перыяд існавалі польскія, рус., укр., лат., літ., ням. сельсаветы, а таксама яўр. нац. местачковыя Саветы (разнавіднасць Н.с.).

т. 11, с. 241

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,

размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст. найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн. чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзе асн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш. нац. групы.

Д.М.Кудзелка, Л.П.Шахоцька.

т. 11, с. 241

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД,

1) назва ўстаноўчага сходу ў Францыі ў 1789, 1848, 1871 і ў Германіі ў 1848 і 1919.

2) У Францыі ў 1840—1940 — аб’яднанае пасяджэнне абодвух палат парламента, якое выбірала прэзідэнта рэспублікі.

3) У шэрагу краін (Арменія, Беларусь, Бенін, В’етнам, Туніс, Францыя і інш.) назва парламента або адной з яго палат (Габон, Мадагаскар, Маўрытанія і інш.).

т. 11, с. 241

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.

Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 241

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),

буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццё т-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.Острчыл, В.Таліх, З.Халабала, Я.Кромбгальц; балетмайстры І.Блажак, І.Енчык, М.Кура, С.Махаў, І.Немечак; рэжысёры І.Гонзль, Я.Квапіл, Ф.Колар, І.Маршалек, Р.Полак, Я.Пруха, Ф.Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.Бенячкава, К.Берман, Б.Блахут, К.Бурыян, Э.Дэсцінава, І.Жыдак, В.Зітак, Н.Кніплава, Л.Марава, М.Махаткава, А.Мікава, І.Міксава, Э.Полерт, Р.Тучак, Б.Фёрсграва-Лаўтэрэрава, Г.Хорватава, салісты балета Н.Гайдашава, М.Дротнерава, І.Петршык, В.Скалава, З.Шэмберава, В.Шылганава і інш.

т. 11, с. 241