Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯ́ККІ СТЫЛЬ,

плынь ў зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі 14—15 ст. Узнік пад уздзеяннем містычных вучэнняў, у перыяд хуткага распаду сярэдневяковых асноў, культуры і маст. канонаў, ва ўмовах нараджэння новага светаўспрымання і маст. індывідуальнасці. Найб. пашыраны ў 1380—1430-я г. пераважна ў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. Сярод лепшых твораў М.с. — «Прыгожыя мадонны» (скульптуры Маці Божай у поўны рост з дзіцем на руках; пашыраны ў Чэхіі, Германіі, Польшчы), чэш. алтарныя карціны для сабора св. Ільі ў Тршэбані (каля 1380), творы ням. мастакоў кёльнскай школы Конрада з Зёста, верхнярэйнскага майстра («Райскі сад», каля 1410), Франке.

т. 11, с. 71

МЯ́ЛА (Іван Ільіч) (3.7.1918, с. Сцяпок Старадубскага р-на Бранскай вобл., Расія — 12.10.1999),

бел. пісьменнік, вучоны ў галіне протазаалогіі. Канд. вет. н. (1957). Скончыў Маскоўскі зоавет. ін-т (1947). Працаваў вет. урачом-эпізаатолагам у Старадубскім р-не, у Далёкаўсходнім НДІ. У 1962—79 у Бел. н.-д. вет. ін-це. Друкаваўся з 1947. Пісаў на рус. мове. Асн. тэмы твораў — сівая мінуўшчына («Прынада», 1982; «Аўсяны бунт», 1986), героіка грамадз. («Раскол», 1970; «Паўстанцы», 1980) і Вял. Айч. («Нізаўскія партызаны», 1962; «Вернасць», 1967) войнаў, праблемы сучаснасці («Настаччыны агледзіны», 1969; «Спакушэнне Гарпіны», 1971). Аўтар аўтабіягр. аповесці «Каранцін» (1989), п’ес, нарысаў.

Тв.:

Разбранница: Роман. М., 1992.

У.А.Жыжэнка.

т. 11, с. 71

МЯЛА́НЫН (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 20.12.1937, хутар Міхайлаўскі Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-р мед. н., праф. (1980). Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1961). З 1986 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па отарыналарынгалогіі, транспланталогіі, отахірургіі, ЛОР-анкалогіі.

Тв.:

Лечение хроническнх воспалительных заболеваний лобных пазух путем хирургической облитерации их полости формалинизированными хрящевыми и костными гомотрансплантантами (разам з А.М.Несцярэнкам) // Вестн. оториноларингологии. 1976. № 1;

Пластика лобно-орбитальной области после удаления больших остеом лобных пазух // Там жа. № 3.

т. 11, с. 71

МЯЛЕ́НЦЬЕЎ (Леў Аляксандравіч) (22.12.1908, С.-Пецярбург — 8.7.1986),

расійскі вучоны ў галіне энергетыкі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. з 1960). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1930). З 1942 у Энергет. ін-це АН СССР, з 1945 адначасова ў Ленінградскім інж.-эканам. ін-це. З 1960 дырэктар Сібірскага энергет. ін-та АН СССР, з 1973 у Ін-це высокіх т-р. Навук. працы па тэарэт. асновах і метадах аптымізацыі структуры паліўна-энергет. гаспадаркі, матэм. мадэліраванні, аптымізацыі і кіраванні ў сістэмах энергетыкі, развіцці цеплавых электрастанцый і цеплафікацыі.

Л.А.Мяленцьеў.

т. 11, с. 72

МЯЛЕ́ШКА (Васіль Іванавіч) (н. 15.3.1921, г. Томск, Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1990). Скончыў БДУ (1952). У 1956—91 у Ін-це гісторыі АН БССР (у 1980—91 заг. аддзела гісторыі Беларусі эпохі феадалізму). Даследуе сац.-эканам. праблемы феад. горада, агр. адносін і класавай барацьбы ў Беларусі 16—18 ст. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994) і інш.

Тв.:

Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975;

Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в Мн., 1982;

Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

I ўзняўся люд просты... Мн., 1992 (разам з П.А.Лойкам).

т. 11, с. 72

МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),

бел. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав. з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал. ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.

т. 11, с. 72

МЯЛЕ́ШКА (Леў Восіпавіч) (н. 22.2.1920, г. Екацярынбург, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1952). У 1986—96 у БДУ. Навук. працы па фазавых пераўтварэннях. Распрацаваў методыку нарошчвання аднародных монакрышталічных плёнак алмазу.

Тв.:

Физические основы ядерного оружия Мн., 1966;

Молекулярная физика и введение в термодинамику. Мн., 1977.

П.М.Бараноўскі.

т. 11, с. 72

МЯЛЁХІН (Георгій Паўлавіч) (23.16.1925, г. Ардатаў, Мардовія, Расія — 1981),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі с.-г. жывёл. Д-р біял. н. (1961), праф. (1962). Скончыў Маскоўскую ваенна-вет. акадэмію (1948). З 1951 у Гродзенскім с.-г. ін-це (заг. кафедры), у 1969—79 у Гомельскім ун-це (з 1971 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі, фізіялогіі і абмене рэчываў у с.-г. жывёл і птушак.

Тв.:

Ультрафиолетовое облучение животных и птицы. Мн., 1965 (разам з І.І.Свянціцкім);

Выращивание уток без водоемов. Мн., 1965.

т. 11, с. 72

МЯЛЁШКА (Міхаіл Вінцэнтавіч) (псеўд. Міхалка Скарэўскі; 9.5.1892, в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл.крас. 1941),

бел. гісторык, этнограф. Вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (1918—21). У 1914—18 у арміі. З 1917 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. Дэлегат з’езда бел. дэмакр. і сацыяліст. арг-цый у Віцебску (лета 1917); на з’ездзе бел. вайсковых арг-цый (ліст. 1917) абраны старшынёй. З 1918 у Віцебскім аддзяленні Белнацкома. З 1920 у Чырв. Арміі (служыў у Віцебскім губваенкамаце), працаваў у Віцебскім археал. ін-це, губ. архіве і аддзеле нар. адукацыі. З ліст. 1922 у Цэнтрархіве (Мінск), з 1927 у Цэнтр. архіўным упраўленні БССР, адначасова у Інбелкульце і Бел. АН. У 1923—24 выкладаў бел. этнаграфію ў Віцебскім вышэйшым пед. ін-це, у 1926—28 — гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. Даследаваў праблемы прыгоннага права, сял. выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 і ў рэвалюцыю 1905—07. Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927). Аўтар працы «Камень у вераваннях і паданнях беларусаў» (1929). Рукапіс працы аб Мялеціі Сматрыцкім захоўваецца ў Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў Самару на 5 гадоў. 16.2.1938 паўторна арыштаваны «як удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі». 4.3.1940 вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962.

Тв.:

Дзённік Міхаіла Мялешкі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994.

Літ.:

Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: долгое возвращение в Беларусь // Сов. Белоруссия. 1998. 10 окт.;

Бібліятэка Міхася Мялешкі: Зводны кат. Мн., 1998.

М.М.Клімовіч, У.М.Міхнюк.

М.В.Мялешка.

т. 11, с. 72

МЯЛКІ́Х (Сяргей Міхеевіч) (21.5.1877, Масква — 7.7.1952),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Чл.-кар. АН Беларусі (1940). Д-р мед. н. (1934), праф. (1922). Засл. дз. нав. Беларусі (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). З 1922 заг. кафедры БДУ, з 1930 — Мінскага мед. ін-та, адначасова ў Наркамаце аховы здароўя Беларусі (1937—41) і дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52). Навук. працы па злаякасных анеміях і пухлінах, малярыі, лейкозах, прафілактыцы і лячэнні туберкулёзу пнеўматораксам.

Тв.:

Колибациллярный сепсис (колибациллез). Мн., 1938;

Прымяненне люмінесцэнтнага метаду даследавання мачы для дыягностыкі злаякасных пухлін // Весці АН БССР. 1950. №2.

Літ.:

С.М.Мелких // Здравоохранение Белоруссии. 1969. №12.

С.М.Мялкіх.

т. 11, с. 72