Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КАЕ СУРВІЛІ́ШСКАЕ,

Вялікія Сурвілішкі, Сурвілішскае возера, возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 1,03 км², даўж. 2,36 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны пад хмызняком. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Дно роўнае, найб. глыбокае на ПдУ. Зарастае каля 30% плошчы возера, шыр. паласы надводнай расліннасці 10—80 м. Злучана пратокай з воз. М.Сурвілішкі, упадае р. Яновіца.

т. 4, с. 369

ВЯЛІ́КАЕ СЯЛО́,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 103 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 583 ж., 212 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 369

ВЯЛІ́КАЕ УКЛЕ́ЙНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 16 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,39 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 25,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, месцамі абрывістыя, пад лесам, на З выш. 3—5 м, парослыя разнатраўна-злакавай расліннасцю. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 5—6 м выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. М.Уклейна, на ПнУ выцякае ручай у возера без назвы.

т. 4, с. 369

ВЯЛІ́КАЕ ХАНТА́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Хантайскае возера.

т. 4, с. 369

ВЯЛІ́КАЕ Я́ЗНА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута (пратокай злучана з возерам), за 38 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 1,5 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 9,6 км. Пл. вадазбору 60,7 км². Схілы катлавіны разараныя, месцамі пад хмызняком, на У і ПдУ высокія і стромкія. Берагі нізкія. Дно пясчанае, глыбей за 3—4 м глеістае. У паўд.-зах. ч. востраў пл. 0,5 га. Злучана пратокай з воз. М. Язна.

т. 4, с. 369

ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,

прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.Станкевіча (1990).

А.С.Ляднёва.

т. 4, с. 369

ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.

т. 4, с. 369

ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

Вялікамараўскае княства, Багемскае княства, раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам І (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988. С. 14—22.

т. 4, с. 369

ВЯЛІ́КАННЕ,

гл. Вялікдзень.

т. 4, с. 369

ВЯЛІКАНЯМКО́ЎСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1860—62 у в. Вял. Нямкі Рагачоўскага пав. (цяпер вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл.). Вырабляла цукар-пясок. У 1860—61 мела 2 гідраўлічныя прэсы, выраблена 1080 пудоў цукру. Працавала 117 рабочых.

т. 4, с. 369