«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,
бел. рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.
Г.В.Бабкін.
т. 5, с. 556
«ДА ПРА́ЦЫ»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 1.10.1927—16.12.1928 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. З мэтай канспірацыі мела розныя назвы: «Наша праца» (1—29 кастр.), «Праца» (5—23 ліст.), «Права працы» (7—24 снеж.), «Навагодняя праца» (27 снеж.), у 1928 — «Думка працы» (4—28 студз.), «Сіла працы» (1—24 лют.), «Воля працы» (12—31 сак.), «Красавік» (5 крас.), «Голас працы» (14 крас.—30 мая), «Зара працы» (2—29 чэрв.), «Сцяг працы» (4—31 ліп.), «Доля працы» (3—29 жн.), «Рэха працы» (1—29 вер.), «Слова працы» (5—31 кастр.), «За працу» (5—27 ліст.), «Да працы» (1—16 снеж.). Працягвала традыцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Асвятляла сац.-эканам. і паліт. становішча ў Зах. Беларусі, нац.-вызв. рух, выбары і работу польскага сейма і інш. Змяшчала інфарм. паведамленні пра ход суд. працэсу над удзельнікамі БСРГ, матэрыялы пра культ. жыццё, маст. творы бел. пісьменнікаў. Усяго выйшла 118 нумароў (51 канфіскаваны). Закрыта польскімі ўладамі.
С.В.Говін.
т. 5, с. 556