Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУІ́ БАНАПА́РТ,

гл. Напалеон III.

т. 9, с. 360

ЛУІ́ ФІЛІ́П (Louis Philippe; 6.10.1773, Парыж — 26.8.1850),

французскі кароль [1830—48]. Прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) галіны Бурбонаў, герцаг Арлеанскі з 1793. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 якабінец (з 1790), удзельнік вайны з антыфранц. кааліцыяй. У 1793 перайшоў на бок аўстрыйцаў, да 1814 у эміграцыі. У перыяд Рэстаўрацыі (1814—30) быў звязаны з ліберальнай апазіцыяй. У час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 абвешчаны каралём арлеаністамі. Правіў у інтарэсах найбагацейшых вярхоў прадпрымальнікаў (пераважна банкіраў). Жорстка падаўляў нар. хваляванні, фактычна ліквідаваў дэмакр. свабоды, гарантаваныя «Хартыяй 1830» (сходаў, друку і інш.). У 1830—47 пры ім быў заваяваны Алжыр. Скінуты з прастола ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1848, уцёк у Англію.

т. 9, с. 360

ЛУК,

1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).

З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.

На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт. Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.

2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст. Гл. Стральба з лука. Іл. гл. таксама да арт. Зброя.

Літ.:

Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.

М.Г.Нікіцін, В.А.Юшкевіч.

т. 9, с. 360

ЛУ́КАВА,

вадасховішча, гл. Лукаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАВА,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на беразе Лукаўскага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Маларыта, 45 км ад Брэста. 744 ж., 283 двары (1999). Т-ва з абмежаванай адказнасцю «Вілія». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла сав. воіна і ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту і неаліту.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.І.Лабанок.

т. 9, с. 361

ЛУКАВІ́НЫ,

выгіны рэчышча ракі, тое, што меандры.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАМКА,

рака, гл. Лукомка.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАМЛЬ,

гл. Лукомскае возера.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАМЛЯ,

вёска, гл. Лукомль.

т. 9, с. 361