ЛУК,
1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).
З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.
На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт. Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.
2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст. Гл. Стральба з лука. Іл. гл. таксама да арт. Зброя.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
М.Г.Нікіцін, В.А.Юшкевіч.
т. 9, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)