Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,

«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.​Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.​Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.​Дзмітрыевым, П.​Шэйнам, М.​Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.​Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 271

КІНША́СА (Kinshasa),

горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім. вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац. ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.

Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 8, с. 271

КІН-КАМІ́НСКІ (Тадэвуш Карлавіч) (7.5.1922, Мінск — 7.2.1968),

бел. акцёр. У 1939—41 вучыўся ў рэсп. Тэатр.

вучылішчы. У Вял. Айч. вайну вязень фаш. канцлагераў у Зах. Еўропе. З 1945 у Мінску, высланы ў Сібір (да 1947). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1948), працаваў у гэтым тэатры. Характарны акцёр. Ролі вызначаліся маст. пераканаўчасцю, лаканізмам сродкаў выразнасці, знешняй стрыманасцю пры напружаным унутр. жыцці персанажа. Сярод роляў: Быкоўскі («Паўлінка» Я.​Купалы), Парфірый («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Бем («Прага застаецца маёй» Ю.​Буракоўскага), Цырульнік («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета), Кяміль («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Анастасіс («Востраў Афрадыты» А.​Парніса), Петушкоў («Жывы труп» Л.​Талстога) і інш.

М.​А.​Бартніцкая.

т. 8, с. 270

КІН-КАМІ́НСКІ (Уладзімір Тадэвушавіч) (14.11.1950, Мінск — 10.1.1995),

бел. акцёр. Сын Т.К.Кін-Камінскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працаваў у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Творчасці ўласцівы майстэрства пераўвасаблення, пошук выразных сцэн. фарбаў, імправізацыя, часам іранічнае стаўленне да персанажа: Драгун («Парог» А.​Дударава), Сяржант («Цынкавыя хлопчыкі» С.​Алексіевіч), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.​Буграмеева), Польскі афіцэр, Начальнік патруля і Нямецкі афіцэр («Тутэйшыя» Я.​Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), Жорж («Дзверы стукаюць» М.​Фермо), сяржант Допель («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера), Я («Дом на мяжы» С.​Мрожака). У тэатры-лабараторыі нац. драматургіі «Вольная сцэна» выконваў ролі Падушкападобнага («Ку-Ку» М.​Арахоўскага), Сяржанта («Сабака з залатым зубам» У.​Савуліча). У 1992—93 у Беластоцкім драм. т-ры: Х.Х., Ян («Эмігранты» і «У адкрытым моры» Мрожака), Майстар («Тэрмінатар» П.​Хандке), Восіп («Рэвізор» М.​Гогаля).

М.​А.​Бартніцкая.

т. 8, с. 271