КІНША́СА (Kinshasa),

горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім. вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац. ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.

Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).

В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)