Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІ́Й, ШЧЭК, ХАРЫ́Ў,

князі палян, браты, якія паводле «Аповесці мінулых гадоў» заснавалі 3 паселішчы, што пазней склалі аснову г. Кіеў. Існаванне на тэр. Кіева некалькіх паселішчаў, якія ў 9—10 ст. зліліся ў адзін горад, пацверджаны данымі археал. раскопак. Паданне аб заснаванні Кіева ўзнікла ў 7—8 ст., яно запісана ў 8 ст. ў Арменіі. Захавалася таксама паданне аб палянскім князю Кію, які быў прыняты ў Канстанцінопалі імператарам і заснаваў горад на Дунаі. Б.А.Рыбакоў лічыў Кія рэальнай асобай, якая жыла ў 6 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963.

т. 8, с. 256

КІКБО́КСІНГ, еўра-амерыканскае каратэ,

сінтэз класічнага англ. бокса і каратэ (бокс з ударамі нагамі). Узнік у сярэдзіне 1970-х г. у ЗША і Зах. Еўропе. Заснавальнікі — Д.Валера, Б.Лі, Ч.Норыс, Б.Уолес і інш. Тэрмін «К.» з’явіўся ў 1974.

Складаецца з 5 дысцыплін: абмежаваны, лёгкі і поўны кантакты, свабодны стыль і сольныя кампазіцыі, якія складаюцца з 3 відаў: «жорсткі» стыль, «мяккі» і з прадметамі (меч, нож, нунчакі, палка і інш.). Сусв. арг-цыя каратэ ўсіх стыляў, у т. л. К. (ВАКО), заснавана ў 1977. Першы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1977, свету — у 1978.

т. 8, с. 256

Кікель Павел Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 405

КІКІ́МАРА,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.

М.Ф.Піліпенка.

т. 8, с. 257

КІКЛА́ДЫ (Kyklades),

архіпелаг у паўд. ч. Эгейскага м. Тэр. Грэцыі. Больш за 200 астравоў, выцягнутых гірляндамі з ПнЗ на ПдУ. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. 88,4 тыс. чал. (1981). Найб. астравы: Наксас (выш. да 1008 м), Андрас, Мілас, Тынас, Парас. Астравы мацерыковага паходжання, гарыстыя, складзены з крышт. парод і вапнякоў. А-вы Тыра і Мілас вулканічныя. На в-ве Каймені дзеючы вулкан. Частыя землетрасенні. Радовішчы наждаку і мармуру. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. На схілах хмызнякі (фрыгана), у далінах — вінаграднікі, сады, пасевы пшаніцы, кукурузы. Жывёлагадоўля, рыбалоўства.

т. 8, с. 257

КІКЛЕ́ІВІЧ (Аляксандр Канстанцінавіч) (н. 27.11.1957, в. Задабрычча Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1996). Скончыў БДУ (1980), з 1983 выкладае ў ім. Даследаванні ў галіне тэорыі, філасофіі і лагічнага аналізу мовы, граматыкі, семантыкі, беларусістыкі, паланістыкі, русістыкі. Аўтар манаграфіі «Мова і логіка. Лінгвістычныя праблемы квантыфікацыі» (1998; на ням. мове), артыкулаў «Квантарныя займеннікі і тэкст» (1989), «Мастацкі тэкст і тэорыя магчымых сусветаў» (1992) і інш.

т. 8, с. 257

КІКЛО́ПЫ, цыклопы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.

т. 8, с. 257

КІКО́ІН (Ісак Канстанцінавіч) (28.3.1908, г. Жагарэ, Літва — 28.12.1984),

савецкі фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1951, 1978). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1930). З 1943 у Ін-це атамнай энергіі імя Курчатава АН СССР. Навук. працы па атамнай фізіцы і тэхніцы, фізіцы цвёрдага цела. Даследаваў эл. і магн. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, адкрыў (разам з М.М.Насковым) фотамагн. эфект у паўправадніках (эфект К.—Наскова). Распрацаваў метады вымярэння эл. велічынь пры вял. (да 10 А) пастаянных токах. Аўтар падручнікаў для школ і ВНУ Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951, 1953, 1959, 1967, 1980.

І.К.Кікоін.

т. 8, с. 257

КІЛА́,

хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.

Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.

У.П.Пярэднеў.

Кіла капусты.

т. 8, с. 257

КІЛАГРА́М (франц. kilo ад грэч. chilioi тысяча + грам),

адзінка масы, адна з асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кг.

К. роўны масе міжнар. прататыпа, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагаў (у Сеўры каля Парыжа). Прататып К. — цыліндрычная гіра дыяметрам і вышынёй 39 мм, зробленая ў 1799 з плацінаірыдыевага сплаву Адносная хібнасць параўнання эталонаў-копій з гэтым прататыпам не перавышае 2∙10​−9. З 40 зробленых копій 2 (№ 12 і 26) былі перададзены Расіі. Эталон № 12 быў прыняты ў СССР за дзярж. першасны эталон адзінкі масы (зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу).

т. 8, с. 257