КІКЛА́ДЫ (Kyklades),
архіпелаг у паўд. ч. Эгейскага м. Тэр. Грэцыі. Больш за 200 астравоў, выцягнутых гірляндамі з ПнЗ на ПдУ. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. 88,4 тыс. чал. (1981). Найб. астравы: Наксас (выш. да 1008 м), Андрас, Мілас, Тынас, Парас. Астравы мацерыковага паходжання, гарыстыя, складзены з крышт. парод і вапнякоў. А-вы Тыра і Мілас вулканічныя. На в-ве Каймені дзеючы вулкан. Частыя землетрасенні. Радовішчы наждаку і мармуру. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. На схілах хмызнякі (фрыгана), у далінах — вінаграднікі, сады, пасевы пшаніцы, кукурузы. Жывёлагадоўля, рыбалоўства.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)