Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫВЯ́НКА,

у беларусаў крывяная каўбаса. У адвараныя або сырыя крупы (грэцкія, ячныя, рысавыя) дадаюць тлушч, скваркі, прыправы і свежую свіную кроў, перамешваюць і кладуць (наліваюць) у тоўстыя кішкі, пякуць на бляхах або абварваюць, а потым падпякаюць. Часам замест круп кладуць муку.

т. 8, с. 500

КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.

Літ.:

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965;

Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ. М., 1967.

А.У.Чантурыя.

Да арт Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.

т. 8, с. 500

КРЫВЯНЫ́Я ПЛАСЦІ́НКІ,

тое, што трамбацыты.

т. 8, с. 500

КРЫВЯНЫ́ ЦІСК,

ціск крыві ў сасудзістай сістэме; інтэгральны паказчык стану кровазвароту, абумоўлены нагнятальнай здольнасцю сэрца, супраціўленнем сасудаў, гідрастатычнымі сіламі.

К.ц. бывае артэрыяльны, вянозны, капілярны. Артэрыяльны ціск павялічваецца пры скарачэнні (сістале) сэрца (макс., сісталічны ціск 115—125 мм рт. сл.), зніжаецца пры расслабленні (дыястале) сэрца (мін., дыясталічны ціск (70—80 мм рт. сл.). Розніца паміж імі — пульсавы ціск. Вянозны ціск у перыферычных венах 60—100 мм вадзянога слупка. З узростам К.ц. павышаецца. Існуюць прамыя (крывавыя) і непрамыя (бяскроўныя) метады вымярэння К.ц. Артэрыяльны ціск вымяраюць непрамым метадам на плечавой артэрыі сфігмаманометрамі, вянозны — прамым метадам, з увядзеннем у вену іголкі, якая злучана з манометрам. Пра парушэнні К.ц. гл. Гіпатанія, Гіпертанія, Гіпертанічная хвароба.

Літ.:

Аринчин Н.И. Комплексное изучение сердечно-сосудистой системы. Мн., 1961;

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965.

А.У.Чантурыя.

т. 8, с. 500

КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,

размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і В-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.

Літ.:

Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;

Моничев А.Я. Динамика кроветворения. М., 1984.

А.С.Леанцюк.

т. 8, с. 500

КРЫ́ГА,

бел. традыц. прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.

Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.

І.М.Браім.

Крыга.

т. 8, с. 501

КРЫ́ГА (Алесь) (сапр. Асіпенка Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.5.1943, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1989). Плаваў матросам на траўлеры на Поўначы. У 1967—71, 1972—78 і з 1990 працуе ў прэсе. Друкуецца з 1965. Аўтар аповесцей «Я вярнуся да цябе, мора!» (1965), «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1973), «Чайкі над полем» (1978), кн. для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987). Піша пра маракоў Запаляр’я, меліяратараў Палесся, чарнобыльскія праблемы, пытанні сучаснага жыцця.

Тв.:

Марзянка для нелюбімых. Мн., 1988;

Выбух над Прыпяццю. Мн., 1992.

т. 8, с. 501

«КРЫГАЛО́М»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.Танка, Ф.Грышкевіча, вытрымкі з прац К Маркса, Г.В.Пляханава, П.А.Гольбаха, Э.Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.

т. 8, с. 501

КРЫГАХО́Д,

рух крыг і ледзяных палёў на рэках, азёрах і вадасховішчах пад уплывам цячэння або ветру. Адбываецца вясной і восенню, зрэдку зімой пры моцных і працяглых адлігах. Пры веснавым К. рухаюцца льдзіны, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння ледзянога покрыва, пры асеннім — ільдзіны, што сфарміраваліся пры змярзанні ледзянога сала, шарашу, кавалкаў лёду, якія адрываюцца ад заберагаў. К. нярэдка суправаджаецца заторамі лёду. Гушчыня К. на рэках ацэньваецца ў 10-бальнай сістэме, на азёрах — у 3-бальнай.

т. 8, с. 501

Крыгель Кевін Рычард

т. 18, кн. 1, с. 412