КРЫГАХО́Д,

рух крыг і ледзяных палёў на рэках, азёрах і вадасховішчах пад уплывам цячэння або ветру. Адбываецца вясной і восенню, зрэдку зімой пры моцных і працяглых адлігах. Пры веснавым К. рухаюцца льдзіны, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння ледзянога покрыва, пры асеннім — ільдзіны, што сфарміраваліся пры змярзанні ледзянога сала, шарашу, кавалкаў лёду, якія адрываюцца ад заберагаў. К. нярэдка суправаджаецца заторамі лёду. Гушчыня К. на рэках ацэньваецца ў 10-бальнай сістэме, на азёрах — у 3-бальнай.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)