КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,
размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і В-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.
Літ.:
Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;
Моничев А.Я. Динамика кроветворения. М., 1984.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)